Читать «Эсэ» онлайн - страница 91

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Украіна, Кіеў — гэта былі не толькі кнігі і архівы, не толькі лепшыя з настаўнікаў, якія разам са мной узважвалі меру дабрыні і зла, гэта былі археалагічныя раскопы, дзе я працаваў, музеі, опера і сімфанічныя канцэрты. Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром.

Лёс зводзіў мяне з многімі людзьмі мастацтва, ды так, што абставіны знаёмства маглі б здацца нейкай містыкай і хто-ніхто з крытыкаў абавязкова кінуў бы свой дзяжурны сказ: "Караткевіч выдумае, а пасля сам жа ў гэта і паверыць". Па-першае, гэта не абраза: значыцца, выдумана дыхтоўна, з шырынёй і фантазіяй, так, што не толькі чытач хочаш не хочаш, а паверыць, але, з цягам часу, і сам аўтар. А па-другое, можна, вядома, правесці дні 8–9 студзеня гэтага года так: пайсці на працу (ці працаваць дома), пасля на пасяджэнне (сход, праўленне ці што там яшчэ), паглядзець тэлевізар (пачытаць кнігу), легчы спаць, паўтарыць тое самае на наступны дзень і вечарам пайсці ў госці. Гэта лічылася б нормай. Але такая норма, такі жыццёвы рэалізм не па мне. Па мне — паехаць у гэты дзень у Мсціслаў, дарогаю (пры трыццаці градусах марозу) трапіць у буран, калі снег ад зямлі да неба, блукаць, бо за метр ужо не відаць нічога, некалькі разоў думаць, што ўжо — канец (тым больш што праз нябачныя шчыліны ў машыну насейвае снег, а матор глухне, мабыць, у Беразіно заправілі бензінам з вадой), выбіцца ўрэшце на аўтакалону, што таксама засела, капаць, выцягваць і вылезці-такі ў дзве гадзіны ночы з дапамогай бульдозераў. А назаўтра, ідучы Мсціславам, бачыць у лютым марозным небе каляровую і вялізную, на палову неба, вясёлку. І ноччу пабачыць яшчэ, як памірае поўня пад час месячнага зацьмення.

Вось гэта сапраўдны рэалізм. Мой. Бо іначай жыць, іначай пісаць я не магу.

…Але досыць пра крытыкаў. Вернемся да нашай тэмы.

Дык вось, не памятаю ўжо, на якім курсе было, падыходзіць да мяне ў зале акадэмічнай бібліятэкі мілая жанчына і шэптам просіць выйсці, а ў калідоры тлумачыць, што яна біёлаг ці псіхолаг (не памятаю), піша навуковую працу аб стамляльнасці і, паколькі з прысутных у залах я працую больш за ўсіх, мэтанакіравана і ўтрапёна, то ці не згаджуся я ёй дапамагчы. Я згадзіўся.

І вось да таго як засяду за кнігі, у сярэдзіне дня і пасля працы я іду ў маленькі пакойчык, вызвалены для яе машын, там мне надзяваюць на галаву марсіянскі шлем, наклейваюць на павекі розныя датчыкі, дзьмухаюць у вока струменьчыкам паветра, а на экране ў гэты час скачуць зайчыкі рознай формы, даюць рашаць пад секундамер розныя тэсты, а пасля выкладваюць яшчэ пятнаццаць рублёў. Не чакаючы, што такое цікавае мне прапануюць яшчэ і за грошы, я стаў адмаўляцца, але ўгаварылі. Час быў для мяне вельмі скрутны, і з гэтымі грашыма я мог працаваць тут, а не хадзіць разгружаць вагоны.