Читать «Эсэ» онлайн - страница 80

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І першы ўдар сякеры аб камель дрэва. І ўпершыню спалоханая сойка заверашчала і рванулася з яго прэч.

Што думаў, што мог прадбачыць у будучых стагоддзях, у шалёным іхнім пажары і дыме гэты не вядомы нам чалавек?

Па-першае, ён ужо ведаў, што назва гораду будзе тая, якой мы завём яго і зараз. Чамусьці амаль заўсёды менавіта маленькія, а не вялікія рэкі даюць назву вялікім гарадам.

Па-другое, ён ведаў, што месца вольнае, адкрытае вятрам, высокае, а значыць, здаровае і бяспечнае і нашчадкам ягоным някепска будзе тут жыць.

Па-трэцяе, ён беспамылкова ведаў, што гораду шырыцца, і расці, і багацець. Таму што тут вялікі ўсходні рачны шлях: Балтыка, Дзвіна, Каспля, Дняпро. А па Дняпры — хочаш у грэкі, а хочаш і на ўсход, у Булгары Волжскія. А колькі сухапутных шляхоў! Увесь свет перад табою, чалавеча. Уцвярдзіся і стой. Давеку.

I ён уцвярдзiўся. I, мабыць, досыць хутка мiж Вiцьбаю, Дзвiною i Ручаём з'явiлiся зямлянкi i хаты, а там забялелi i першыя частаколы, якiя потым, вельмi хутка, пайшлi расколiнамi i пацямнелi пад сонцам, i ветрам, i завеямi, што наляталi з Дзвiны. Тут вось i ўсталi пасля два замкi — Верхнi i Нiжнi. Але пасля прагны — увесь рух i рост — горад зрабiў крок праз Вiцьбу, i там стала Узгор'е, i там стаў гандлёвы цэнтр, i адабраў iмя "места" ад старэйшых сваiх братоў.

А пасля пайшло. Задунаўе, Задзвінне. Паўсюль вырасталі звонкія хаты, млыны, званіцы, склады для сваіх і іншаземных тавараў, закураныя буды. Паўсюль з'яўляліся ў дрымучых пушчах лапікі палёў, дыміліся ляды, звінеў пасля на іх месцы блакітнымі завушніцамі авёс і гразіліся дзідамі жыта і ячмень.

Словам, стаў Горад. А паколькі стаў Горад, то з'явіліся і князі з дружынамі… А з імі разам прыйшло тое, што летапісцы звалі: "і ўста род на род, і племя на племя". І заспявалі па ярах Віцьбы, па гарах Места, па пясках і хвалях Дзвіны мячы. Брачыславы, Ізяславы, Давіды — хто іх там разбярэ з іхнімі сварамі, перадачай гарадоў з рук у рукі і іншым такім.

А горад ведаў: трэба працаваць, нягледзячы на князёў, трэба ўзвышаць адзінае, што яны лічылі сапраўды каштоўным: свой Вітбеск, сваю родную зямлю, цягнуць ніці гандлю ўсё далей на захад — да Любека, Данцыга, Мюнстэра, Брэмена, усё далей на поўдзень — да Кіева і Царграда, усё далей на ўсход — да Масквы, да Суздаля і Уладзіміра і далей, далей…

Трэба, каб па-ранейшаму на віцебскіх прыстанях чуліся галасы іншаземных купцоў, жаўцелі колы воску і залаціўся ў бочках бурштынавы мёд, трапяталі ветразі, іскрыліся пад рукой футры, кашлаціліся аўчыны, пераліваліся індыйскія і арабскія тканіны, звінелі скандынаўскія бронза і срэбра, свяціўся прыбалтыйскі бурштын. Каб было золата і, побач з ім, яшчэ даражэйшая пры патрэбе соль, і нямецкія віны, і галандскія сукны, і імбір, і мігдал немаведама адкуль, і ўсё-ўсё. І каб гучна, як на імшу, перазвоньваліся раніцамі кузні, цягнула гараю з домніц, смярдзела скурамі, дубовай карою, рогам.

Нехта падлічыў на пачатку нашага стагоддзя, што горад плаціў князям у 1-й палове ХІІ стагоддзя ў якасці падаткаў і пошлін да 600.000 рублёў. Сума па тых часах астранамічная…