Читать «Эсэ» онлайн - страница 79

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

А ўрэшце, чаму і не ў сам Віцебск уцячы? У цяперашні, няхай сабе і падобны на іншыя гарады, ушчэнт выпаленыя вайной і адноўленыя па тыпавых праектах, — галоўнае — адноўлены, галоўнае — свой, зялёны, гаманлівы, часам аж да крыку, вясёлы, адбіты ў плынях Дзвіны, аточаны лясамі.

Або ў горад, які я памятаю з дзяцінства, з арачным мостам над Віцьбай, са стрэламі званіц, з вулачкамі, што збягаюць да Дзвіны, суматохлівы і, як мне тады здавалася, надта ж ужо вялікі.

Хадзіць пад снегам ці нават — няхай! — пад дажджом, або, лепей, летам стаяць над вялікай ракой, швэндацца паркамі, дзе ў дажджлівыя ночы стаяць вакол ліхтароў вясёлкавыя кругі. І ўспамінаць, шмат успамінаць, хаця з таго, што ўспамінаеш, мала чаго засталося, хаця там цяпер усё новае.

Шматпакутны тысячагадовы прыгажун! Колькі ж разоў даводзілася табе за гэтую тысячу гадоў твайго жыцця ператварацца ў прысак і ўваскрасаць з гэтага прыску! І хай мяне шасне пярун, калі я, нягледзячы на трывіяльнасць такой паралелі, успомніўшы пра ўсё гэта, не ўспомніў фенікса.

Тысяча гадоў… Калі табе споўніцца дзве тысячы, ад нас нічога не застанецца, але і тады наша любоў да цябе будзе нячутна блукаць вуліцамі тваімі, горад, і жыць у вачах і душах новых тваіх грамадзян.

Ёсць шмат тысячагадовых гарадоў. Часам куды галаснейшая іхняя слава. Таму што там галоўным быў меч, а рукі — толькі пасля. А ў цябе былі залатыя рукі тваіх творцаў, тваіх грамадзян, якія толькі па крайняй неабходнасці браліся за меч. А гісторыя чамусьці болей аддавала ўвагі заваёўнікам, а не тым, хто мірна ткаў палотны, рабіў па золаце і срэбры, араў, гарбарнічаў — словам, рабіў простую і сумленную справу, працу, без якой чалавек даўно б перастаў быць. Праўдзівей, проста не стаў бы чалавекам.

Гэтыя рукі і выкапалі тут тысячу гадоў назад першую напаўзямлянку, звалілі першую залатую хвою, паклалі камень у падмурак першай хароміны і, мабыць, высеклі на камені пасярэдзіне Дзвіны, ля Забежжа (відаць, каб першыя ладдзі ведалі фарватар), глыбокі шасціканечны крыж. Не ведаю, ці ляжыць той камень і зараз. Калі так, то ён памятае ладдзі з лебядзінымі цыямі і барвянымі ветразямі, а ў іх — суровых людзей, першых віцьбічаў, а магчыма, і саму княгіню Вольгу, якая (прынамсі, так кажа пазнейшае паданне) заснавала горад.

Не ведаю, ці так гэта. Ды, урэшце, такая жанчына, перад якой схіляліся плямёны, чалавек падступнага сэрца і дзяржаўнага розуму, па слове якой сутыкаліся народы і звінела "варажская сталь у візантыйскую медзь", у сэрцы якой ужываліся разлік і каханне, здрадніцтва і вера, — жанчына гэтая магла не толькі паліць, але і будаваць гарады.

Як далёка відаць з узвышша! Які кашлаты дыван лясоў, разарваных толькі Дзвіной ды малой Віцьбай. Да самага небасхілу. І толькі у-унь там адна нітачка дыму. І цішыня.