Читать «Эсэ» онлайн - страница 78

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Падумайце, бо іначай атрымаецца, як з янотам-паласкуном. Не падумаўшы завезлі, і вось той знішчае птушыныя яйкі. Не толькі на зямлі, але ў дуплах, бо цудоўна лазіць. I гэта, побач з неабдуманай меліярацыяй, адна з прычын вялікага падзення птушынага пагалоўя на Прыпяці.

Падумайце над тураўскай гісторыяй. Бо вось збудавалі на адной палове гарадзішча дзіцячую пляцоўку з прыбіральняй на роту салдат, завялі гароды (цыбуля на былой славе), укапалі (кіношнікі) у зямлю мёртвыя дрэвы, пашкодзіўшы культурны слой, разрылі земснарадамі бераг Струменя пад гарадзішчам. I там цяпер ляжаць уроссып згубленыя для вучоных прылады працы продкаў, іхнія ўпрыгожанні, арабскія дыргемы і дынарыі, медныя іконкі і свінцовыя пломбы, кавалкі шкляных бранзалетаў і баявыя сякеры.

Усё, чым жылі прашчуры.

Падумайце аб лёсе песні палескай. Бо вось рукой падаць да Тонежа, а з цеплахода абражае хаты і Прыпяць надрыўны барабанны пошчак і голас: (ну дакладна, як у тым віску) "Гю-ю-ю-ййы". А пасля невялічкага перапынку нешта яшчэ:

Вы слыхали, как поют дрозды? Нет, не те дрозды, не полевые, А лесные, русские дрозды, Певчие избранники России.

Тут проста ў кожным слове абраза здароваму сэнсу. Нават навуцы аб птушках. Таму што няма ні стэпавых, ні палявых драздоў. Усе яны — лясныя. А палявы дрозд — такая самая абракадабра, як ледніковы заяц або горны гіпапатам.

Ад паэтаў, вядома, цяжка патрабаваць логікі. Глушэц "шчоўкае" і "скшыжыкае", але ніяк не "плачет со звонами". Гівал (івалга), хоць усё жыццё чакай, не "схоронится в дупло" і не стане "плакать".

Але тут ёсць адна вялікая розніца. Гэта Ясенін, паэзія, і "што вольна ваяводзе, то…".

Падумайце аб тым, што знікае ў нябыт, і аб тым, што ёсць і што будзе. Падумайце, што яшчэ ў дваццатыя гады дзевятнаццатага стагоддзя К. Контрым гаварыў аб спробах знішчыць тураўскія лясы (выкупілі іх за 64 тысячы рублёў і хацелі сплавіць па Дняпры), што ўжо тады гаварылі аб знікненні многіх жывёл і птушак (і спасылаліся пры гэтым на старыя дакументы).

Падумайце аб душы народа, які ўзрастае сярод гэтых дуброў і на гэтых водах, вучыцца плаваць па іх раней, чым навучыцца хадзіць, не ўмее бегаць, а ўжо грабе. Аб дзіцяці, якое ў адказ на прапанову пешай прагулянкі, раве на ўсю глотку:

— У ёдку хацю!

Аб людзях, якія ўзраслі на гэтых берагах такімі, якія яны ёсць, якіх за гэта трэба паважаць і з думкай якіх трэба лічыцца.

Падумайце, як думалі аб усім гэтым мы, ад'язджаючы шэрым ранкам ад гэтых хат і садоў, развітваючыся з суровай Прыпяццю, з гэтай зямлёй, якая адарыла нас вышэйшым шчасцем І гонарам нарадзіцца на ёй і якой мы таму павінны адплаціць працай, даверам, павагаю і ісцінай.

Тысячу стагоддзяў табе!

…Над гарамі дождж. Над гарамі гнілы — іначай не скажаш — лютаўскі туман. Кіпарысы абвіснулі. Мокнуць пад злівай нахохленыя чорныя дразды. Хваля матляе ў бухце судны, і яны крэсляць мачтамі пахмурнае неба. І ў такія хвіліны міжволі думаеш: а які ж чорт занёс цябе сюды, чалавеча?!

Не сюды трэба было ўцякаць, калі ўжо надакучыў табе Мінск. Некуды на Дняпро ці на Дзвіну. Некуды на Невельска-Віцебскую граду, дзе дрэмлюць густа аснежаныя хвоі, дзе на грывах стаяць лілаватыя лясы. На дзве, здаецца, з лішкам, тысячы паўночных беларускіх азёр. На віцебскія, дзе па святах сядзяць на лёдзе падобныя на пінгвінаў рыбакі, але дзе ёсць і такія азёры, да якіх амаль не дабіраецца чалавек.