Читать «Эсэ» онлайн - страница 77

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Палессе і мокне і сохне. Як казаў Кадоліч, пыл за плугам там, дзе ўчора стаяла вада.

Шмат пішуць аб "утаймаванні" Прыпяці, гэта значыць аб дамбаванні яе. Ды яшчэ задаюць пытанні, ці не панясе страту ад гэтага "неапісальная" прырода краю, ягоныя "звонкія дубровы", усе гэтыя "пяцьдзесят відаў сысуноў і дзвесце пяцьдзесят відаў птушак". Адказаць можна без лішніх слоў, таму што ў повень пойма не толькі "№хаваецца пад вадой". Паводка ўгнойвае глебу, корміць пойму. Нічога не трэба вырашаць так, з маху, трэба вельмі-вельмі многа думаць, улічыць усё, бо паглядзіце на тыя "шматлікія прытокі Прыпяці", якія "разыходзяцца". Там ужо ў значнай ступені няма чаму "разыходзіцца". Дзівосная Случ у вусці — гэта ўжо не болей чым занесены пяскамі канал. У многіх драбнейшых былых прытоках маляўкі не знойдзеш.

Прыродныя сістэмы складаюцца і выпрабоўваюцца тысячагоддзямі, і нельга без незваротных страт стварыць новую сістэму за год-два. Мяса-малочная гаспадарка. Травы. Але глеба, на якой растуць тут травы, — алювіяльная глеба. Дзецішча ракі, дзецішча паводак маці Прыпяці. Без гэтых запланаваных прыродай паводкавых падкормак зямля поймы Прыпяці не будзе каштаваць нічога.

Я баюся гэтага, бо люблю гэтую зямлю. Мы можам пацярпець без гэтых гектараў, а тым часам яшчэ семдзесят разоў абдумаць, чым разануць. Але мы хочам гэтыя гектары сёння, зараз. I мы заворваем неацэнныя прыпяцкія паплавы, заворваем пашу. А быдла пасвім у лесе, не выключаючы запаведнага. А тое знішчае ў лесе падлесак. Знішчае будучую змену гэтых велічных дубовых гігантаў.

Як бы вы паглядзелі на грамадства, якое, дбаючы аб сільных мужах і мудрых старых, зусім бы не дбала аб дзецях. Старыя мудрацы ў такім грамадстве вымерлі, сталыя мужы састарыліся б і памерлі таксама. I ніхто не заняў бы іхняга месца. I грамадства такое было б аддадзена тлену, асуджана на смерць…

Такое грамадства — прыпяцкія пойменныя дубровы.

Гэта грамадства я люблю і таму ўзвышаю свой слабы голас у ягоную абарону, бо хачу сам бачыць першы квартал і хачу, каб далёкія нашчадкі бачылі яго. I таму кажу:

— Падумайце. Падумайце тысячу разоў. На тое вы — людзі, якія жывуць не адно сённяшняй хвілінай, а там хаця і трава не расці.

Падумайце над кожнай былкай, падумайце над дубам, які церпіць паводку, але не доўгую. Падумайце, пакуль пыл у два сантыметры (а таму ўжо ёсць прыклады) не лёг на сакавітыя паплавы. Падумайце, каб Палессю не засталося, як на апошнюю літасць, спадзявацца на дождж.

…Якое шчасце! Ідзе дождж. Кроплі сплываюць з лісцяў шыпшыны, белы снег абсыпанай квецені пад яблынямі.

Падумайце над апавяданнем Роберта Янга "Ссячы дрэва". Лепей пра ўзаемаадносіны з лясамі і прыродай не скажаш.

Падумайце і не суцяшайце сябе тым, што поле гэта — той самы комплекс раслін, што і лес, што гектар кукурузы неяк заменіць гектар лесу, зойме яго месца ў біясферы.

Не, не заменіць.