Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 99
Эрих Мария Ремарк
А палове пятай вечара Готфрыд Ленц, скроіўшы шматзначную міну, паставіў перада мной на стол пустую бутэльку з-пад джыну.
— Хачу, каб ты яе напоўніў, хлопчык! За свой кошт! Помніш наш заклад?
— Помню, — сказаў я. — Але ты занадта спяшаешся.
Готфрыд моўчкі паднёс мне пад нос гадзіннік.
— Палова пятай, — сказаў я. — Нават сонца ўзыходзіць не ў адзін і той самы час. Любы можа спазніцца. Між іншым, я змяняю ўмовы закладу — стаўлю два супроць аднаго.
— Прымаецца, — урачыста заявіў Готфрыд. — Чатыры бутэлькі джыну ў маю карысць. Гэта называецца: праявіць гераізм на страчаных пазіцыях. Ганарова, дзіця, але неразумна…
— Пачакаем…
Хоць я і харахорыўся, але былой упэўненасці ўжо не было. Наадварот, я ўжо амаль прымірыўся з тым, што булачнік не паявіцца. Трэба было ўтрымліваць яго раніцай. Ён быў занадта ненадзейная асоба.
Калі ў пяць гадзін на фабрыцы пярын насупроць нашай майстэрні прагучаў гудок, Готфрыд моўчкі выставіў на стол яшчэ тры пустыя бутэлькі. Потым ён адлёгся да акна і ўтаропіўся на мяне.
— Піць хачу, — сказаў ён праз хвіліну са значэннем.
У гэты момант я пазнаў характэрны шум фордаўскага матора на вуліцы, і адразу ж машына булачніка завярнула ў наш двор.
— Калі ты хочаш піць, дарагі Готфрыд, — прамовіў я з вялікай годнасцю, — то бяжы хутчэй ды купі дзве бутэлькі рому, якія ты прайграў мне. Глыток дастанецца і табе — я частую. Бачыш за акном булачніка? Псіхалогія, мой хлопчык! А цяпер прыбяры пустыя бутэлькі! А потым можаш выязджаць у рэйс на таксі. На больш тонкія справы ты замалады. Прывітанне, сын мой!
Я выйшаў і сказаў булачніку, што машыну, відаць, можна будзе набыць. Той, хто прадае, патрабуе сем тысяч пяцьсот марак, але калі ўбачыць жывыя грошы, аддасць, напэўна, і за сем.
Булачнік слухаў так абыякава, што я разгубіўся.
— У шэсць гадзін я патэлефаную яму яшчэ раз, — нарэшце сказаў я.
— У шэсць? — Булачнік схамянуўся. — У шэсць мне трэба… — Ён раптам павярнуўся да мяне. — Пойдзеце са мной?
— Куды?
— Да вашага сябра, мастака. Карціна гатова.
— А, да Фердынанда Граў.
Ён кіўнуў галавой.
— Паедзем разам. А потым мы можам пагаварыць і пра машыну.
Відаць, з нейкай прычыны ён не хацеў ісці адзін. А мне таксама вельмі не хацелася пускаць яго ад сябе.
— Добра, — пагадзіўся я. — Ехаць далекавата — лепці зараз жа і адправіцца.
Фердынанд Граў выглядаў дрэнна. Твар быў шэра-зялёны, пакамячана-азызлы. Ён сустрэў нас каля ўвахода ў майстэрню. Булачнік толькі бегла зірнуў на яго. Ён быў нейкі надзіва няўпэўнены і ўсхваляваны.
— Дзе яна? — адразу спытаўся ён.
Фердынанд паказаў рукой на акно. Карціна была нацягнута на падрамнік. Булачнік хутка ўвайшоў у памяшканне і нерухома спыніўся перад партрэтам. Праз хвіліну ён зняў капялюш. Ён так спяшаўся, што забыў зрабіць гэта раней.
Мы з Фердынандам спыніліся каля дзвярэй.
— Як пажываеш, Фердынанд? — спытаў я.
Ён у адчаі махнуў рукой.
— Штосьці здарылася?
— Што можа здарыцца?
— Ты дрэнна выглядаеш.
— І ўсё?
— Так, — сказаў я. — Усё.