Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 97
Эрих Мария Ремарк
— Хлопцы, дзе ж нам тэрмінова дастаць стары «кадзілак»?
— Пакінь гэта мне, — сказаў я. — Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнік не ўцёк.
— Згода! — Готфрыд знік.
Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмі спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.
— Ці не хочаце вы прадаць «кадзілак»? — спытаў я без хітрыкаў.
Блюменталь засмяяўся.
— У мяне ёсць чалавек, — працягваў я, — плаціць наяўнымі з рук у рукі.
— Наяўнымі… — паўтарыў Блюменталь, хвілінку падумаўшы, — сёння гэта слова гучыць як высокая паэзія.
— І я так думаю, — сказаў я і раптам павесялеў. — Дык як, абмяркуем гэтую справу?
— Абмеркаваць заўсёды можна, — адказаў Блюменталь.
— Цудоўна. Калі я магу бачыць вас?
— Сёння аполудні ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзіны тут, у канторы.
— Добра.
Я павесіў слухаўку.
— Ота, — усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, — ніколі не падумаў бы, але, здаецца, «кадзілак» вяртаецца да нас.
Кёстэр адарваўся ад папер.
— Праўда? Ён згодны прадаць?
Я кіўнуў і глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергічна даводзіў булачніку.
— Ён сапсуе справу, — сказаў я заклапочана. — Ён замнога гаворыць. Булачнік вельмі недаверлівы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.
Кёстэр засмяяўся.
— З богам, Робі.
Я падміргнуў яму і выйшаў. Але я не паверыў сваім вушам: Готфрыд і не думаў загадзя ўслаўляць «кадзілак» — ён з вялікай стараннасцю тлумачыў булачніку, як індзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зірнуў на яго і звярнуўся да булачніка:
— На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.
— Я так і думаў, — падхапіў Ленц, быццам мы згаварыліся.
Я паціснуў плячыма.
— Шкада… але і яго можна зразумець…
Булачнік стаяў у нерашучасці. Я зірнуў на Ленца.
— Можа, ты зробіш яшчэ адну спробу? — адразу спытаў ён.
— Абавязкова! — адказаў я. — Мне ўдалося дамовіцца з ім на сустрэчу днём. Як з вамі потым звязацца? — спытаў я булачніка.
— У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу…
— Добра… тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.
Булачнік кіўнуў. Потым ён сеў у «форд» і даў газу.
— Ты зусім з глузду з'ехаў, — узарваўся Ленц, калі той выехаў. — Спачатку я з усіх сіл утрымліваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нічога ніякага…
— Логіка і псіхалогія, мой мілы Готфрыд! — адказаў я і паляпаў яго па плячы. — Ты ў гэтым яшчэ не разбіраешся так…
Ён адкінуў маю руку.
— Псіхалогія… — прамовіў ён з пагардай. — Найлепшая псіхалогія — удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!
— У чатыры ён будзе тут.
Готфрыд зірнуў на мяне з жалем.
— На заклад? — прапанаваў ён.
— З радасцю, — згадзіўся я. — Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас саміх яшчэ няма…
— Ах ты, божа мой, калі толькі ў гэтым справа, — сказаў Готфрыд, трасучы галавою, — тады з цябе не будзе толку, дзіця! Толькі так справы і робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткі курс па сучаснай камерцыі…