Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 96
Эрих Мария Ремарк
— Маркавіц? Пра каго ты гаворыш?
— А пра тую, з якой ты сядзеў у «Каскадзе» ў бары.
— А-а, — сказаў я, раптам чамусьці ўзрадаваны, — ты пра гэну…
Я пакорпаўся ў кішэнях.
— Зірні на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсці куды-небудзь, га? Толькі без кампаніі. Мы пра іх забыліся, праўда?
Яна кіўнула.
Сонца выходзіла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэліся. Валасы Пат напоўніліся святлом, сонца пазалаціла ёй плечы.
— Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесіі?
— Архітэктар.
— Архітэктар, — сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён ніхто… — Архітэктар — невялікая шышка, праўда, Пат?
— Праўда, дарагі.
— Нічога асаблівага, праўда?
— Абсалютна нічога, — пераканана сказала яна, павярнулася да мяне і засмяялася. — Архітэктар — гэта нішто, нуль. Дрэнь!
— А гэта каморка… яна не вельмі ўбогая, га, Пат? У іншых, вядома, лепшыя…
— Яна шыкоўная, гэтая каморка, — перабіла мяне Пат. — Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагі!
— А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькі таксіст, але…
— Ты — мой каханы, аматар булачак і рому, ты мой дарагі.
Яна абхапіла мяне за шыю.
— Ах, дурненькі! Як цудоўна жыць на свеце!
— Толькі з табой, Пат! Шчыра!
Быў цудоўны праменны ранак. Унізе над магільнымі плітамі плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былі цалкам асветлены. Над комінамі дамоў віўся дым. Чуліся воклічы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглі падрамаць, гэта быў не сон і не ява, становішча на мяжы летуцення. Мы абняліся і плылі, дыханне наша злілося ў адно. Потым, у дзевяць гадзін я спачатку патэлефанаваў ад імя тайнага саветніка Буркгарда падпалкоўніку Эгберту фон Хакэ асабіста, а потым Ленцу, каб ён выехаў раніцай замест мяне.
— Ён адразу перабіў мяне:
— Не трэба, дзіцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.
— Заткніся! — радасна сказаў я і аб'явіў на кухні, што я хворы і да полудня буду ў пасцелі. Тройчы мне давялося адбіваць клапатлівыя атакі фраў Залеўскі, якая прапанавала рамонкавы настой, аспірын і кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесці Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.
XIV
Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явіўся булачнік на сваім «фордзе».
— Выйдзі, Робі, — сказаў Ленц, з'едліва гледзячы ў акно, — кухонны Казанова, відаць, з'явіўся з рэкламацыяй.
Булачнік выглядаў крыху зморана.
— Нешта не ў парадку з машынай? — спытаў я.
Ён пахітаў галавой.
— Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.
— Дык яна новая і ёсць, — пацвердзіў я і з цікаўнасцю паглядзеў на яго.
— Справа ў тым… — сказаў ён. — Як вам сказаць… Я хачу купіць іншую машыну… большую. — Ён азірнуўся па баках. — У вас, здаецца, быў «кадзілак».
Я адразу ўцяміў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.
— Так, быў «кадзілак», — летуценна сказаў я, — трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!
— Гм, задарма…
— Задарма! — паўтарыў я настойліва, а сам думаў, што можна зрабіць.
— Я даведаюся, — сказаў я. — Магчыма, чалавеку, які купіў яго, спатрэбіліся грошы. Сёння такое — звычайная справа! Пачакайце хвілінку. — Я пайшоў у майстэрню і хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.