Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 91

Эрих Мария Ремарк

Побач са мной ломкім голасам гаварыла жанчына. Яна шукала спадарожніка на адну ноч, кавалачак чужога жыцця, каб падсцёбнуць сябе, каб забыць сябе і занадта балючае разуменне таго, што нічога не застаецца, ні я, ні ты і ўжо ні ў якім разе — не мы. Ці не шукала яна, папраўдзе, тое самае, што і я? Спадарожніка, каб забыць адзіноту жыцця, таварыша, каб выжыць у бязмэтнасці існавання?

— Хадзем, — сказаў я. — Вернемся да ўсіх. Гэта безнадзейна — тое, чаго хочацца вам… як і тое, чаго хочацца мне…

Яна зірнула на мяне і, адкінуўшы галаву, зарагатала.

Мы наведалі яшчэ некалькі рэстаранаў. Броер распаліўся, зрабіўся гаваркі, поўны надзеі. Пат прыціхла. Яна ні пра што не пыталася ў мяне, не папракала, не спрабавала нічога высветліць. Яна толькі прысутнічала, час ад часу танцавала, а потым здавалася, што плыве між натоўпу марыянетак і карыкатур, нібы ціхі, прыгожы, невялічкі карабель… Часам усміхалася мне.

Млявасць начных рэстаранаў пафарбавала сцены і твары ў шэра-жоўты колер, быццам іх заплямілі брудныя рукі. Музыка, здавалася, гучала з-пад шклянога каўпака. Лысы піў каву. Жанчына з рукамі-яшчаркамі тупа ўзіралася ў адну кропку. Броер купіў у зморанай жанчыны ружы і падзяліў іх паміж Пат і тымі дзвюма. На пялёстках гарэлі маленькія празрыстыя кропелькі вады.

— Давай патанцуем з табой хоць адзін раз, — сказала мне Пат.

— Не, — сказаў я і падумаў пра рукі, якія сёння ўжо дакраналіся да яе. — Не, — і адчуў сябе даволі смешным і вартым жалю.

— Патанцуем, — сказала яна, і вочы ў яе пацямнелі.

— Не, — запярэчыў я, — не, Пат.

Нарэшце мы пайшлі дадому.

— Я падвязу вас, — сказаў мне Броер.

— Добра.

У яго машыне была коўдра, якую ён накінуў Пат на ногі. Раптам я заўважыў, што яна вельмі бледная і змораная. Жанчына, з якой мы сядзелі каля стойкі бара, на развітанне сунула мне ў рукі запіску. Я, як нічога ніякага, сеў у машыну. Па дарозе я пазіраў у акно.

Пат сядзела ў кутку і не варушылася. Я нават не чуў яе дыхання. Броер павёз спачатку яе. Ён ведаў, дзе яна жыве, і не пытаўся. Яна вылезла. Броер пацалаваў ёй руку.

— Дабранач, — сказаў я, не гледзячы на яе.