Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 4

Эрих Мария Ремарк

Кёстэр зірнуў на мяне.

— Не чапай яго, Готфрыд, — сказаў ён потым. — Дні нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асабліва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.

Ленц заплюшчыў вочы.

— Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робі. Ці суцяшае гэта цябе хоць крышку?

— Не, — сказаў я. — Ані. Калі чалавек нечага варты, то ў такім разе ён толькі помнік самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка і сумна.

— Яго пацягнула на філасофію, Ота, — сказаў Ленц. — Ён — не страчаны. Ён перажыў крызісны момант. Нялёгкі момант дня нараджэння, калі ўглядаешся самому сабе ў зрэнкі і бачыш, які ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу і прашмараваць старому «кадзілаку» вантробы.

Мы працавалі, пакуль не сцямнела. Потым памыліся і пераапрануліся. Ленц прагна зірнуў на бутэлькі.

— Можа, скруцім адной шыю?

— Няхай вырашае Робі, — сказаў Кёстэр. — Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з імянінніка.

— Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павіншаваў, — запярэчыў Ленц і адкаркаваў бутэльку.

Пах рому адразу запоўніў майстэрню.

— Святы Майсей! — сказаў Готфрыд.

Мы ўсе прынюхаліся.

— Фантастычна, Ота. Трэба быць вялікім паэтам, каб знайсці адпаведныя эпітэты.

— Піць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пітва! — вырашыў Ленц. — Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып'ем яе дзе-небудзь на волі!

— Бліскуча!

Мы адпіхнулі ўбок «кадзілак», які рамантавалі паполудні. За ім стаяла дзіўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрні.

Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну — старую ламачыну з высокім кузавам. Спецыялісты, якія бачылі яе тады, сцвярджалі, што гэта цікавы экспанат для музея. Больвіз, гаспадар фабрыкі па пашыве жаночых паліто і гоншчык-аматар, параіў Ота перарабіць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кішэнны гадзіннік, і корпаўся ў ёй некалькі месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якім мы звычайна бавілі час. Больвіз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў — так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставіў дзвесце марак супроць дваццаці, калі Кёстэр пагодзіцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабілем. Адлегласць — дзесяць кіламетраў, і ён дае Ота кіламетр форы. Кёстэр згадзіўся. Усе смяяліся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовіўся ад форы і спакойна прапанаваў павысіць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвіз расчаравана спытаў, ці не адвезці яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулі з месца. Больвіз праз паўгадзіны вярнуўся ў такім дрэнным настроі, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкі выпісаў чэк, а потым — яшчэ адзін. Ён хацеў адразу ж купіць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькі бездакорная была машына ўсярэдзіне, настолькі непрыглядны быў яе знешні выгляд. На кожны дзень мы паставілі надзвычай старажытны кузаў — лак выцвіў, крылы пакарабаціліся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглі падабраць нешта лепшае, але ў нас былі свае меркаванні. Аўтамабіль зваўся «Карл». «Карл» — прывід шашы.