Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 3

Эрих Мария Ремарк

Я дастаў з кішэні цыгарэту. Шчыра кажучы, я мог быць цалкам задаволены. Жылося мне нядрэнна, была праца і сілы. Я не хутка стамляўся, быў, як кажуць, здаровы… І ўсё ж лепш было б не думаць вельмі шмат. Асабліва вечарамі. Час ад часу нешта вярталася з былога і ўзіралася ў цябе мёртвымі вачыма. Але ад гэтага была гарэлка.

Знадворку зарыпелі вароты. Я парваў лісток з датамі свайго жыцця і кінуў у кош для папер. Дзверы імкліва расчыніліся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокі, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай і носам, які прызначаўся некаму іншаму.

— Робі! — зароў ён. — Стары абжора! Устань і падцягніся! Твае начальнікі будуць гаварыць з табой!

— О божа! — Я ўстаў. — А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!

— Бач ты, чаго захацеў! — Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвінела. Услед за ім увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.

— Робі, хто табе раніцай сустрэўся першы?

Я падумаў.

— Старая кабеціна. Яна танцавала.

— Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзіўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хісткі, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнічаюць нейкія падазроныя трыгоны Сатурна, а сёлета яшчэ і Юпітэр. Ота і я, хто замяняе табе бацьку і маці, перадаём табе штосьці, каб абараняцца. Вазьмі гэты амулет! Праўнучка інкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакітная кроў, плоскаступнёвасць, вошы і дар прадбачання. «Беласкуры іншаземец, — сказала яна мне. — Яго насілі каралі, у ім заключана сіла сонца, месяца і зямлі, не гаворачы пра іншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны даляр на гарэлку — і насі сабе». Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе і прагоніць варожага Юпітэра.

Ён павесіў мне на шыю маленькую чорную фігурку на тонкім ланцужку.

— Вось! Гэта — супроць наслання зверху. А тут — супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.

Ён разгарнуў скрутак і выставіў бутэлькі на сонца. Яны зазіхацелі, як янтар.

— Цудоўнае відовішча, — сказаў я. — Адкуль яны ў цябе, Ота?

Кёстэр усміхнуўся.

— Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?

Я махнуў рукой.

— На шаснаццаць і пяцьдзесят адначасова. Нічога асаблівага.

— І ты называеш гэта «нічога асаблівага»? — запярэчыў Ленц. — Лепей быць не можа. Ты ж такім чынам уладна перамог час і жывеш два жыцці.