Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 2

Эрих Мария Ремарк

— Так, Мацільда. Адгадала.

— Няўжо праўда? — Яна сціснула мне руку і пачала трэсці. — Віншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзіліся! Пан Локамп, — яна выцерла вусны, — я так расчулена… за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.

— Цудоўна.

Я наліў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе і ўдзячная пайшла з майстэрні.

Я схаваў бутэлькі і сеў за стол. Слабае сонца свяціла праз акно мне на рукі. Дзіўнае пачуццё, такі вось дзень нараджэння, нават калі не надаваць гэтаму вялікага значэння. Трыццаць гадоў… а былі часы, калі мне здавалася, што не дажыву да дваццаці, такой вялікай уяўлялася адлегласць. А потым…

Я дастаў з шуфляды лісток паперы і пачаў падлікі. Дзяцінства, школа — гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго і не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькі ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгім, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афіцэра я трэніраваўся на пляцы за казармай падаць і ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла маці. Ёй давялося больш за гадзіну чакаць мяне — я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок і быў пакараны тым, што мусіў у вольны час чысціць салдацкія прыбіральні. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволілі. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.

1917 год. Фландрыя. Мідэндорф і я купілі ў шынку бутэльку чырвонага віна. Мы хацелі пабаляваць. Але не ўдалося. Ранічкай ангельцы адкрылі ўраганны агонь. Кёстэра параніла ў полудзень, Маер і Дэтэр загінулі пад вечар. А ўвечары, калі, здалося, настаў спакой і мы адкаркавалі бутэльку, газ запоўніў акопы. Мы, праўда, паспелі надзець процівагазы, ды процівагаз Мідэндорфа быў няспраўны. Калі ён спахапіўся, было ўжо запозна. Пакуль сарваў гэты і знайшоў новы, занадта шмат наглытаўся газу. З горла хлынула кроў. Ён памёр назаўтра раніцай. Твар яго ззелянеў і счарнеў. Шыя ўся была падрапана — пазногцямі ён стараўся разарваць яе, каб ухапіць паветра.

1918 год. Гэта было ў шпіталі. Некалькі дзён назад прыбыў новы транспарт. Папяровыя бінты. Цяжка параненыя. Увесь дзень туды-сюды сноўдаліся аперацыйныя каляскі. Часам яны вярталіся пустыя. Побач са мной ляжаў Ёзэф Штоль. Ён ужо быў без ног, але яшчэ не ведаў пра гэта. Убачыць было нельга, таму што коўдра накрывала замест ног драцяны каркас. Ён і не паверыў бы, бо адчуваў боль у ступаках. Уначы ў нашай палаце памерлі двое. Адзін паміраў цяжка і доўга.

1919 год. Зноў дома. Рэвалюцыя. Голад. На вуліцы бясконцы пошчак кулямётаў. Салдаты супроць салдатаў. Таварышы супроць таварышаў.

1920 год. Путч. Застрэлены Карл Брэгер. Арыштаваныя Кёстэр і Ленц. Мая маці ў бальніцы. Рак у апошняй стадыі.

1921…

Я задумаўся. Я нічога не памятаў. Год проста выпаў. У 1922-м я быў дарожным рабочым у Цюрынгіі, у 1923-м загадваў рэкламай на гумавай фабрыцы. Гэта было ў час інфляцыі. Я зарабляў дзвесце більёнаў марак у месяц. Зарплату выдавалі два разы на дзень, і пасля кожнай — паўгадзіны водпуску, каб можна было збегаць у крамы і нешта купіць, пакуль не з'явіўся новы курс даляра. Грошы трацілі сваю цану ў два разы. А потым? Што было ў наступныя гады? Я паклаў аловак. Які сэнс прыпамінаць усё гэта? Я ўжо і не памятаў дакладна. Шмат што пераблыталася. Свой апошні дзень нараджэння я спраўляў у кавярні «Інтэрнацыяналь». Тады я год працаваў тапёрам. Потым я зноў сустрэў Кёстэра і Ленца. А цяпер я сяджу тут у «Аўрама» — аўтарамонтнай майстэрні Кёстэр і К°. К° — гэта Ленц і я, майстэрня ж належыць аднаму Кёстэру. Калісьці ён быў наш аднакашнік, потым камандзір роты, потым — лётчык, праз нейкі час — студэнт, затым — гоншчык. Нарэшце ён купіў гэтую будку. Спачатку далучыўся Ленц, які некалькі гадоў басцяўся па Паўднёвай Амерыцы, потым — я.