Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 218

Эрих Мария Ремарк

— Не ведаю. Але нас дваіх я заўсёды ўспрымаў страшэнна ўсур'ёз, гэта я ведаю.

Яна ўсміхнулася. Антоніа запрасіў яе на танец. Яны пайшлі ў кола. Я назіраў, як яна танцавала. Кожны раз, набліжаючыся да мяне, яна ўсміхалася. Яе срэбныя туфелькі амаль не датыкаліся да падлогі. Яна рухалася, як лань.

Расеец зноў танцаваў з гішпанкай. Яны маўчалі. Яго буйны цёмны твар выказваў пяшчоту. Скрыпач зрабіў спробу запрасіць гішпанку на танец. Яна толькі пахітала галавой і пайшла з расейцам.

Скрыпач раструшчыў цыгарэту доўгімі кастлявымі пальцамі. Раптам мне зрабілася шкада яго. Я прапанаваў яму запаліць. Ён адмовіўся.

— Мне трэба паберагчы сябе, — сказаў ён сваім адрывістым голасам. — А гэны, — хіхікаючы, працягваў ён і паказаў на расейца, — смаліць па пяцьдзесят штук.

— Адзін так робіць, другі — гэтак, — адказаў я.

— Хоць яна зараз і не хоча танцаваць са мной, але я яе ўсё ж дамагуся…

— Каго?

— Рыты. У нас былі добрыя адносіны. Мы разам ігралі. А потым з'явіўся расеец і звёў яе ад мяне сваімі тырадамі. Але я вярну яе.

— Вам трэба будзе прыкласці намаганні, — сказаў я. Ён мне не падабаўся.

Ён зарагатаў, быццам авечка забляяла.

— Намаганні! Вы — наіўны анёл! Мне трэба толькі пачакаць.

— Тады чакайце.

— Пяцьдзесят цыгарэт, — шаптаў ён. — Кожны дзень. Я ўчора бачыў яго рэнтгенаўскі здымак. Каверна на каверне. Гатоў. — Ён зноў засмяяўся. — Спачатку ў нас было аднолькава. Нашы здымкі можна было пераблытаць. Цяпер пабачыць бы вам розніцу! Я паправіўся на два фунты. Не, мой мілы, мне трэба толькі чакаць і берагчы сябе. Я ўжо з радасцю чакаю наступнага здымка. Сястра мне іх паказвае заўсёды. Калі яго не будзе, я займу яго месца.

— Вось такі метад, — сказаў я.

— Вось такі метад, — як папугай, паўтарыў ён. — Адзіны метад, дзіцятка вы маё! Калі б я паспрабаваў супернічаць з ім цяпер, я нашкодзіў бы сабе на потым. Не, дарагі навічок, трэба зычліва, спакойна чакаць.

Зрабілася душна і цяжка дыхаць. Пат закашлялася. Я заўважыў, што яна са страхам зірнула на мяне, і я зрабіў выгляд, што нічога не чуў.

Бабуля, абвешаная жэмчугам, сядзела, ціха паглыбіўшыся ў сябе. Час ад часу яна рэзка рагатала. Потым зноў імгненна супакойвалася і сядзела нерухома. Шкілет сварылася з суседам. Расеец паліў цыгарэты адну за адной. Скрыпач даваў яму прыпаліць. Нейкая дзяўчына раптам сутаргава каўтнула, паднесла да рота хусцінку, глянула на яе і збялела.

Я глянуў у залу. Там стаялі сталы спартсменаў, там — здаровых грамадзян, там сядзелі французы, ангельцы, галандцы, у мове якіх працяглыя склады напаміналі пра лугі і мора. А паміж імі ўсімі прымасцілася за столікам маленькая калонія хваробы і смерці — ліхаманкавая, прыгожая, закінутая.

Лугі і мора… Я зірнуў на Пат… Лугі і мора… пена і пясок і курганне… ах, падумаў я, мой каханы вузкі лобік! Мае каханыя рукі! Любімае жыццё, якое можна любіць, а ўратаваць — нельга.

Я ўстаў і выйшаў за дзверы. Мне зрабілася горача ад горычы і бяссілля. Я паволі пайшоў па дарозе. Мяне працінаў халодны вецер, што дзьмуў з-за дамоў. Я сціснуў кулакі і доўга ўзіраўся ў нерухомыя белыя горы, мяне гнялі дзікая бездапаможнасць, злосць і боль.