Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 216

Эрих Мария Ремарк

У маладой гішпанкі на каленях ляжала гітара. Потым яна пачала спяваць, і здавалася, што чорная птушка залунала ў пакоі. Яна напаўголаса спявала гішпанскія песні. У яе быў нізкі, ломкі голас хворага чалавека. Я не ведаю, што на мяне падзейнічала — чужыя меланхалічныя мелодыі, жахлівы вечаровы голас дзяўчыны, цені хворых, якія сядзелі ў крэслах і на падлозе, буйны нахілены цёмны твар расейца, — але мне раптам здалося, што ўсё гэта — рыдаючае ціхае закляцце лёсу, які хаваўся за завешанымі вокнамі, чакаючы свайго, просьба, крык і страх, страх застацца адзін на адзін з небыццём, якое ціха паядае цябе.

…Назаўтра раніцай Пат была вясёлая і гарэзлівая. Яна займалася сваімі сукенкамі.

— Занадта шырокія сталі, зашмат, — мармытала яна, дапытліва гледзячы на сябе ў люстэрка. Потым яна павярнулася да мяне.

— А ты ўзяў з сабой смокінг, каханы?

— Не, — сказаў я. — Не ведаў, што ён тут спатрэбіцца.

— Тады схадзі да Антоніа. Ён пазычыць табе. У вас аднолькавыя фігуры.

— Ён патрэбны яму самому.

— Ён апране фрак.

Яна зашпіліла складку.

— А потым схадзі пакатайся на лыжах. Мне зараз трэба папрацаваць. А калі ты тут, я не магу.

— Я рабую гэтага Антоніа, — сказаў я. — Што б мы без яго рабілі?

— Мне здаецца, ён добры хлопец.

— Згодны, — сказаў я. — Ты выбрала правільнае слова. Добры хлопец.

— Не ведаю, што б я рабіла без яго, калі была адна.

— Давай пра гэта больш не думаць, — сказаў я. — Даўно мінула.

— Добра. — Яна пацалавала мяне. — А цяпер ідзі катацца.

Антоніа ўжо чакаў мяне.

— Я ўжо падумаў, што ў вас, пэўна, няма смокінга, — сказаў ён. — Памерце пінжак.

Пінжак быў вузкаваты, але сяк-так сядзеў. Антоніа свіснуў задаволена і дастаў увесь касцюм.

— Заўтра будзе весела, — заявіў ён. — На шчасце, заўтра вечарам у канторы дзяжурыць малая сакратарка. Старая Рэксрот не выпусціла б нас. Афіцыйна ж усё забаронена. А неафіцыйна… мы, вядома, даўно не дзеці.

Мы пайшлі катацца. Я ўжо напрактыкаваўся, і вучэбная паляна нам больш не спатрэбілася. Па дарозе нам сустрэўся мужчына з брыльянтавымі пярсцёнкамі на пальцах, у паласатых штанах. На шыі ў яго матляўся стракаты гальштук, якія носяць артысты.

— Смешныя тыпы трапляюцца тут, — сказаў я.

— Гэта важны тып. Праважаты нябожчыкаў.

— Што? — спытаў я здзіўлена.

— Праважаты нябожчыкаў, — паўтарыў Антоніа. — Тут хворыя з усяго свету. Асабліва шмат з Паўднёвай Амерыкі. Ну, а сем'ям, вядома, хочацца пахаваць сваіх блізкіх на радзіме. Тады вось такі праважаты за добрую ўзнагароду едзе туды з цынкавай труной. Такім чынам гэтыя людзі робяцца заможнымі і шмат вандруюць. Вось гэтага тыпа смерці зрабілі сапраўдным дэндзі, як бачыце.

Мы яшчэ нейкі час падымаліся ўгору, а потым прымацавалі лыжы і пакаціліся. Белыя пагоркі гайдалі нас, а за намі з брэхам, нібы рыжы мяч, раз за разам правальваючыся па грудзі ў снег, імчаў Білі. Ён зноў прывык да мяне, хоць часта раптам вяртаўся з сярэдзіны дарогі і стралой імчаў назад да санаторыя — толькі вушы матляліся.

Я практыкаваўся рабіць паварот «Крысціянія» і кожны раз, калі з'язджаў з гары і рыхтаваўся да скачка і расслабляўся, то думаў: калі ўдасца і я не ўпаду, Пат паправіцца. Вецер свістаў мне ў твар, снег быў цяжкі і вязкі, але я зноў і зноў адштурхоўваўся, я шукаў усё больш крутыя адхоны, усё больш цяжкую мясцовасць, і калі мне зноў і зноў шанцавала, я думаў: «Выратавана!», хоць і ведаў, што гэта глупства, і ўсё ж радаваўся, як ужо даўно не радаваўся.