Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 215

Эрих Мария Ремарк

— Мы больш нікога пытаць не будзем, нікога! — Яна замахала прыгожай маленькай галоўкай і паглядзела на мяне сваімі вачыма, якія я так любіў. — Больш нічога ведаць не хачу. Я хачу толькі быць шчаслівай.

Вечарам у калідорах санаторыя была мітусня. Прыйшоў Антоніа і прынёс запрашэнне на вечарынку ў пакоі нейкага расейца.

— А ці можна мне так проста пайсці з табой? — спытаў я.

— Тут? — у адказ спытала Пат.

— Тут шмат што можна, чаго звычайна нельга, — са смехам адказаў Антоніа.

Расеец быў пажылы і смуглявы. Ён жыў у двух пакоях, засланых дыванамі. На куфры стаялі бутэлькі з гарэлкай. У пакоях панаваў паўзмрок. Гарэлі толькі свечкі. Сярод гасцей была вельмі прыгожая маладая гішпанка. У яе быў дзень нараджэння. Яго і сабраліся святкаваць.

У гэтых пакоях, якія сваім мігатлівым святлом і дзіўным брацтвам прысутных, пародненых агульным лёсам, напаміналі бліндаж, панаваў вельмі своеасаблівы настрой.

— Што будзеце піць? — спытаў мяне расеец. У яго быў вельмі цёплы нізкі голас.

— Што ёсць.

Ён прынёс бутэльку каньяку і графін гарэлкі.

— Вы здаровы? — спытаў ён.

— Так, — адказаў я сарамліва.

Ён прапанаваў мне папяросы. Мы выпілі.

— Пэўна, вам тое-сёе тут здаецца дзіўным, праўда?

— Не вельмі, — адказаў я. — Я не прывык да нармальнага жыцця.

— Так, — сказаў ён і змрочным позіркам глянуў на гішпанку. — Тут наверсе своеасаблівы свет. Ён мяняе людзей. Незвычайная хвароба, — задумліва дадаў ён. — Яна робіць людзей больш ажыўленымі. А часам лепшымі. Містычная хвароба. Яна выганяе шлакі. — Ён устаў, кіўнуў мне і пайшоў да гішпанкі, якая ўсміхалася яму.

— Пусты балбатун, праўда? — спытаў нехта за маёй спіной.

Твар без падбародка. Гузаваты лоб. Неспакойныя, ліхаманкавыя вочы.

— Я тут у гасцях, — сказаў я. — А вы?

— Так ён і ловіць жанчын, — працягваў той, не слухаючы. — Так ён іх і ловіць. Вось і гэтую дзяўчынку…

Я не адказаў.

— Хто гэта? — спытаў я Пат, калі той адышоўся.

— Музыкант. Скрыпач. Ён закахаўся ў гішпанку. Так, як кахаюць тут наверсе. А яна і слухаць пра яго не хоча. Яна кахае расейца.

— І я на яе месцы зрабіў бы тое ж самае.

Пат засмяялася.

— Мне здаецца, што такога мужчыну толькі і кахаць, — сказаў я. — А ты — таксама?

— Не, — адказала яна.

— Ты тут ні разу не закахалася?

— Моцна — не.

— Мне гэта было б усё роўна, — сказаў я.

— Цудоўныя прызнанні. — Пат выпрасталася. — Але табе павінна было б быць зусім не ўсё роўна.

— Я не тое хацеў сказаць. Я нават не магу табе растлумачыць, што я меў на ўвазе. Не магу, таму што і цяпер яшчэ не ведаю, што ты ўва мне знаходзіш.

— Пакінь гэта мне, — сказала яна.

— А ты ведаеш?

— Не дакладна, — адказала яна са смехам. — Інакш не было б кахання.

Бутэлькі, прынесеныя расейцам, стаялі перада мной. Я наліў некалькі чарак і выпіў. Настрой, які панаваў тут, прыгнятаў мяне. Мне не хацелася бачыць Пат сярод гэтых хворых.

— Табе тут не падабаецца? — спытала яна.

— Не вельмі. Мне трэба спачатку прывыкнуць.

— Мой бедны каханы… — яна пагладзіла мне руку.

— Калі ты побач, я не бедны, — сказаў я.

— А Рыта вельмі прыгожая?

— Не, — сказаў я. — Ты прыгажэйшая.