Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 213

Эрих Мария Ремарк

Пад вечар вецер перамяніўся, пасвятлела і пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай раніцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькі дзён, калі Рот — мужчына, які паправіўся, — ад'язджаў, яна змагла нават пайсці праводзіць яго на вакзал.

Рота праводзіў вялікі натоўп. Такая тут была завядзёнка, калі хтосьці ад'язджаў. Сам Рот быў не вельмі вясёлы. Яму нейкім чынам не пашанцавала. Два гады назад нейкі свяціла, адказваючы на яго пытанне, ці доўга яму яшчэ засталося жыць, заявіў, што гады два яшчэ, калі будзе сцерагчыся. Для пэўнасці ён спытаў другога лекара, просячы сказаць праўду па шчырасці. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады і спусціў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлі ў санаторый з моцнай кравацечай… І тут, замест таго каб паміраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступіўшы сюды, ён важыў усяго 45 кілаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кілаграмаў і настолькі паправіўся, што яго выпісалі. А грошай не было.

— Што я там буду рабіць? — пытаўся ён у мяне, чухаючы рыжую патыліцу. — Вы ж толькі што адтуль, як там?

— Усё памянялася, — адказаў я, разглядаючы яго круглы зморшчаны твар з бясколернымі вейкамі. Ён паправіўся, хоць быў асуджаны на смерць.

— Прыйдзецца шукаць сабе працу, — сказаў ён. — Як там цяпер наконт гэтага?

Я паціснуў плячыма. Ці варта было тлумачыць яму, што ён, відаць, працы не знойдзе. Ён скора ўбачыць гэта сам.

— У вас ёсць сувязі, сябры? — спытаў я.

— Сябры… ну, вы ж ведаеце… — Ён кпліва засмяяўся. — Калі ты раптам застаешся без грошай, яны разбягаюцца ад цябе, як блохі з мёртвага сабакі.

— Тады будзе цяжка.

— Не ўяўляеце сабе, што будзе. У мяне толькі некалькі соцень марак. І я нічога не ўмею, як толькі траціць грошы. Здаецца, той прафесар меў рацыю, хоць у інакшым сэнсе: гады праз два я аддам богу душу — праўда, ад кулі.

Раптам мяне апанавала шалёная злосць на гэтага ідыёта-балбатуна. Няўжо ён не ведае, што такое жыццё? Я ўбачыў, як перада мной ішлі Антоніа і Пат. Я бачыў яе шыю, схуднелую ад хваробы, я ведаў, як яна любіць жыццё. У гэты момант я мог бы забіць Рота, калі б такім чынам можна было вярнуць Пат здароўе…

Цягнік адышоў. Рот махаў капелюшом. Тыя, хто застаўся, крычалі яму наўздагон усялякія пажаданні і смяяліся. Дзяўчына, спатыкаючыся, бегла за цягніком і крычала тонкім голасам, які зрываўся:

— Да пабачэння! Да пабачэння!

Потым яна вярнулася і залілася слязьмі. На тварах іншых з'явіўся выраз засаромленасці.

— Ало! — крыкнуў Антоніа. — За плач на вакзале — штраф. Гэта закон санаторыя. Штраф на карысць наступнага свята.

Ён шырокім жэстам працягнуў руку. Астатнія зноў засмяяліся. Востры, жалобны, заліты слязьмі твар дзяўчыны таксама заўсміхаўся. Яна дастала з кішэні паліто пацёрты кашалёк. Мне зрабілася вельмі балюча на душы. Гэтыя твары вакол, гэта ж быў не смех, гэта была сутаргавая, пакутная весялосць, гэта былі грымасы.