Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 209

Эрих Мария Ремарк

Кёстэр вярнуўся з метэастанцыі.

— Мне трэба ехаць, Робі, — сказаў ён. — Барометр пайшоў уніз, відаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабіцца. Сёння яшчэ праеду.

— Добра. Павячэраем разам?

— Так. Я хуценька ўпакую рэчы.

— Я дапамагу, — сказаў я.

Мы ўпакавалі рэчы Кёстэра і занеслі іх у гараж. Потым вярнуліся, каб паклікаць Пат.

— Калі што, тэлефануй мне, Робі, — сказаў Ота.

Я кіўнуў галавой.

— Праз некалькі дзён атрымаеш грошы. На першы час хопіць. Рабі ўсё, што неабходна.

— Добра, Ота. — Я павагаўся. — У нас дома ёсць некалькі ампул морфію. Ты можаш прыслаць іх мне?

— Навошта яны табе?

— Не ведаю, што і як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькі тады, калі бачу Пат. Застаўшыся адзін, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. Не хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нічога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калі я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.

— Толькі для гэтага, Робі? — спытаў Кёстэр.

— Толькі для гэтага. Вядома. А то я і не сказаў бы табе.

— Мы засталіся толькі ўдвух, — няспешна сказаў ён.

— Так.

— Добра, Робі.

Мы пайшлі ў кавярню, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралі, неба зацягвалася хмарамі. Кёстэр вывеў «Карла» з гаража, пад'ехаў да пад'езда.

— Бывай, Робі, — сказаў ён.

— І ты, Ота.

— Да пабачэння, Пат. — Ён падаў ёй руку і паглядзеў у вочы. — Вясной я прыеду па вас.

— Усяго вам добрага, Кёстэр. — Пат цвёрда паціснула яму руку. — Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывітанне ад мяне Готфрыду Ленцу.

— Добра, — сказаў Кёстэр.

Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалі. Раптам яна ступіла крок наперад і пацалавала яго.

— Жывіце шчасліва, — ціха прамовіла яна прыглушаным голасам.

Твар Кёстэра раптам на імгненне асвяціўся ярка-чырвоным полымем.

Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, ірвануў яе з месца і паімчаў па звілістай горнай дарозе не азірнуўшыся. Мы глядзелі яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вуліцы і пачала ўзбірацца на гару, як адзінокі светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршыні машына спынілася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамі. Потым ён знік, і мы доўга яшчэ чулі гул машыны.

Пат нахілілася і слухала, пакуль было чуваць. Але гул заціх. Тады яна павярнулася да мяне.

— Апошні карабель адплыў, Робі.

— Перадапошні, — адказаў я. — Апошні — я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсці іншае месца, каб кінуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. Не разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой бліжэй да цябе.

— Немагчыма! Не знойдзеш! Як ты думаеш зрабіць гэта?

— Ты будзеш рада, калі я змагу?

— Што за пытанне? Было б цудоўна, мілы! Амаль як у матухны Залеўскі.

— Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзінкі.

— Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антоніа ў шахматы. Я тут навучылася.

Я пайшоў у кантору і растлумачыў, што застаюся тут надоўга і хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымі грудзьмі глянула на мяне незадаволена і адмовіла мне, спасылаючыся на рэжым.