Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 210

Эрих Мария Ремарк

— Хто ўстанаўліваў рэжым? — спытаў я.

— Дырэкцыя, — адказала дама і разгладзіла зморшчыны на спадніцы.

З вялікай неахвотай яна паведаміла мне нарэшце, што дазволіць пайсці на парушэнне можа толькі галоўны лекар.

— Але яго ўжо няма, — дадала яна. — А дадому да яго звяртацца можна толькі па службе.

— Цудоўна, — сказаў я. — Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.

Галоўны лекар жыў у маленькім дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне і без усялякай валакіты даў мне дазвол на перасяленне.

— Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца, — сказаў я.

Ён засмяяўся.

— А, вы, відаць, натрапілі на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй патэлефаную.

Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знікла, убачыўшы выклік на маім твары. Я ўсё ўладзіў з сакратаркай і даручыў швейцару перанесці мае рэчы і купіць мне некалькі бутэлек спіртнога. Потым я вярнуўся да Пат.

— Уладзіў? — спытала яна.

— Пакуль што — не, але праз некалькі дзён усё будзе ў парадку.

— Шкада, — яна перавярнула шахматы і ўстала.

— Што будзем рабіць? — спытаў я. — Пойдзем у бар?

— Вечарам мы часта гуляем у карты, — сказаў Антоніа. — Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такі час найлепш гуляць у карты.

— У карты? Пат? — здзіўлена спытаў я. — У якія гульні ты ўмееш? У дурня і ў пасьянс?

— У покер, каханы, — заявіла Пат.

Я засмяяўся.

— Яна, праўда, умее, — сказаў Антоніа. — Толькі занадта рызыкоўная. Жахліва блефуе.

— Я таксама, — адказаў я. — Трэба паспрабаваць.

Мы селі ў куток і пачалі гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзіну Антоніа звярнуў нашу ўвагу, што робіцца за акном. Ішоў снег. Паволі, нібы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалі буйныя сняжынкі.

— Зусім бязветрана, — сказаў Антоніа. — Будзе шмат снегу.

— Цікава, дзе цяпер Кёстэр? — спытала Пат.

— Ён ужо праехаў перавал, — сказаў я.

На нейкую секунду я выразна ўявіў сабе «Карла» з Кёстэрам за рулём, які вёў машыну праз белую ноч, і ўсё раптам здалося мне нерэальным — тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат — побач са мной. Яна шчасліва ўсміхнулася мне, абапіраючыся рукой з картамі на стол.

— Хадзі, Робі.

Таўстун перабраўся да нашага стала, спыніўся і пачаў зычліва зазіраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты і глянуў на яго так злосна, што ён знік.

— Я не сказала б, што ты ветлівы, — задаволена сказала Пат.

— Не, — адказаў я. — І не хачу быць ветлівым.

Мы яшчэ зайшлі ў бар і выпілі некалькі шклянак «спецыяльнага». Потым Пат трэба было ісці спаць. Я развітаўся ў вестыбюлі. Яна пачала павольна падымацца па лесвіцы, азіраючыся і спыняючыся, пакуль не збочыла ў калідор. Я крыху пачакаў, потым папрасіў у канторы ключ ад свайгоі пакоя. Сакратарка заўсміхалася.

— Нумар семдзесят восем, — сказала яна.

Пакой суседнічаў з пакоем Пат.

— Мусіць, па распараджэнні фройляйн Рэксрот? — спытаў я.

— Не, фройляйн Рэксрот пайшла ў малітоўны дом, — адказала яна.

— Малітоўныя дамы часам — бласлаўленне, — сказаў я і хутка пайшоў наверх. Мае рэчы былі ўжо распакаваныя. Праз паўгадзінкі я пастукаў у дзверы ў суседні пакой.