Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 196

Эрих Мария Ремарк

— Не, — сказаў я.

Ён апамятаўся і схапіўся за галаву.

— Чорт! Цяжка будзе растлумачыць у фірме! Я думаў, вы дадзіцё паўтары тысячы. І ўсё ж — хоць на гэты раз я забраў у вас гэту тачку!

— Што і трэба было, — сказаў я.

Гвіда не зразумеў. Толькі калі ён убачыў Кёстэра, які падыходзіў да нас, да яго дайшло, і ён учапіўся сабе ў валасы.

— О божа, гэта ваша машына? Асёл я, дурны асёл! Паддаўся! Клюнуў! Гвіда, так табе і трэба! Трапіць на элементарны падвох! Але няхай сабе! Самыя бывалыя хлопцы трапляюць на прасцейшую нажыўку. Але я сваё вазьму.

Ён сеў за руль і паехаў. Мы глядзелі ўслед машыне, і на душы ў нас было не вельмі радасна.

Аполудні прыйшла Мацільда Штос. Трэба было разлічыцца з ёй за апошні месяц. Кёстэр аддаў ёй грошы і абяцаў пагаварыць з новым гаспадаром майстэрні. Можа, ён возьме яе прыбіральшчыцай. Юпа мы ўжо ўладкавалі да яго. Але Мацільда пахітала галавой.

— Не, пан Кёстэр. Не хачу. Косці ўжо не гнуцца.

— Што ж вы будзеце рабіць? — спытаў я.

— Пайду да дачкі. Яна замужам у Бунцлаў. Вы чулі пра Бунцлаў?

— Не, Мацільда.

— Пэўна, пан Кёстэр чуў.

— Таксама не, фраў Штос.

— Дзіўна, — сказала Мацільда. — Ніхто не чуў пра Бунцлаў. Я ўжо шмат у каго пыталася. А мая дачка ўжо дванаццаць гадоў як там замужам. За сакратаром канцылярыі.

— Тады Бунцлаў, напэўна, ёсць на свеце. Можаце быць упэўненая. Раз там жыве сакратар канцылярыі…

— Я і кажу. Але ўсё роўна смешна, што ніхто не чуў, праўда?

Мы пагадзіліся.

— А чаму вы за ўвесь час там не былі ні разу? — спытаў я.

Мацільда заўсміхалася.

— Так атрымалася. Але трэба ехаць да дзяцей. У іх ужо чацвёра.

— Мне здаецца, што ў той мясцовасці робяць нядрэнны шнапс, — сказаў я. — Слівоўку ці нешта такое…

Мацільда махнула рукой.

— У тым якраз і справа. Мой зяць належыць да тых, хто зусім не п'е.

Кёстэр дастаў з апусцелых паліц апошнюю бутэльку.

— Ну, фраў Штос, тады нам трэба кульнуць па чарцы на развітанне.

— Я — за, — сказала Мацільда.

Кёстэр паставіў на стол чаркі і наліў. Мацільда каўтнула ром так хутка, быццам выліла яго ў рэшата. Яе верхняя губа ўздрыгнула, а вусы захадзілі хадуном.

— Яшчэ адну? — спытаў я.

— Не адмоўлюся.

Яна выпіла яшчэ адну вялікую чарку і развіталася.

— Усяго найлепшага ў Бунцлаў, — сказаў я.

— Дзякую шчыра. Але ці не смешна, што яго ніхто не ведае, праўда?

Яна выйшла, хістаючыся. Мы яшчэ нейкі час пастаялі ў пустой майстэрні.

— Можна і нам ісці, — сказаў Кёстэр.

— Можна, — адказаў я. — Больш нам тут няма чаго рабіць.

Мы выйшлі і замкнулі дзверы. Потым забралі «Карла». Яго мы не прадалі, і ён стаяў у гаражы непадалёку. Мы заехалі на пошту і ў банк, дзе Кёстэр заплаціў за аўкцыённыя паслугі.

— Зараз я іду спаць, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Ты потым будзеш дома?

— Я сёння цэлы вечар вольны.

— Добра, я прыйду ў восем.

Мы пасядзелі ў маленькім загарадным шынку, а потым вярнуліся ў горад. На першай жа вуліцы ў нас лопнула пярэдняе кола. Мы замянілі яго. «Карла» даўно не мылі, і я моцна запэцкаўся.

— Трэба было б памыць рукі, Ота, — сказаў я.

Непадалёк было даволі вялікая кавярня. Мы зайшлі ў яе і селі за столік каля дзвярэй. На наша здзіўленне, кавярня была амаль поўная. Іграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былі стракатыя папяровыя шапачкі, многія наведнікі былі ў маскарадных вопратках, над столікамі лёталі стужкі серпанціну, паветраныя шары плавалі пад столлю, афіцыянты бегалі з поўнымі падносамі. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.