Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 195

Эрих Мария Ремарк

— Ну вось бачыце, — самазадаволена заявіў Гвіда. — Мы сустрэліся тады каля гэтай самай ламачыны. З вамі, праўда, тады быў яшчэ адзін тып. Я яму тады ледзь не ўрэзаў.

Я міжволі скрывіўся, уявіўшы сабе, што гэты мог урэзаць Кёстэру. Ціс палічыў гэта за ўсмешку і таксама выскаліўся, паказаўшы даволі папсаваныя зубы.

— Добра… што было, тое прайшло, Гвіда не злапомны. Вы тады заплацілі занадта высокую цану за гэтую старызну. Мусіць, нешта мелі на гэтым?

— Вядома, — сказаў я. — Добрая машына.

Ціс прагугнявіў:

— Калі б вы паслухалі мяне, вы зарабілі б больш. І я з вамі. Але забудзем! Хто былое прыпомніць… Але сёння мы аб'яднаемся. За пяцьсот марак мы купім гэтую скрыню. Больш ніхто не дасць. Згодны?

Я зразумеў. Ён думаў, што мы тады перапрадалі машыну. Ён не ведаў, што гэта майстэрня — наша. Наадварот, ён думаў, што мы зноў хочам купіць машыну.

— Машына пацягне сёння на паўтары тысячы, — сказаў я. — Ды яшчэ даплата за права эксплуатацыі.

— А я пра што? — загарачыўся Гвіда. — Мы будзем таргавацца да пяцісот… я буду. Калі мы потым перапрадамо яе, я выплачваю вам трыста пяцьдзесят наяўнымі.

— Не магу, — сказаў я. — У мяне ўжо ёсць каму перапрадаць.

— Але ж… — Ён хацеў прапанаваць мне яшчэ штосьці.

— Не мае сэнсу, — я пайшоў на сярэдзіну двара.

Да тысячы двухсот ён будзе таргавацца. Гэта мне цяпер было зразумела.

Аўкцыёншчык пачаў з прадметаў абсталявання. Выручка была невялікая. Дзёшава пайшоў і інструмент. Дайшла чарга да таксі.

Нехта прапанаваў трыста марак.

— Чатырыста, — сказаў Гвіда.

— Чатырыста пяцьдзесят, — павагаўшыся, сказаў мужчына ў сіняй рабочай кашулі.

Гвіда дагнаў да пяцісот. Аўкцыёншчык паўтарыў, пазіраючы на прысутных. Мужчына ў сарочцы маўчаў. Гвіда падміргнуў мне і падняў чатыры пальцы.

— Шэсцьсот, — сказаў я.

Гвіда заматляў галавой і даў семсот. Я працягваў дабаўляць. Гвіда ў адчаі гнаўся. Калі дайшло да тысячы, ён пачаў рабіць мне знакі закляцця, паказваючы мне на пальцах, што я магу зарабіць яшчэ сотню. Ён заявіў тысячу дзесяць. Калі ён пачуў «тысяча сто», то пачырванеў і злосна заверашчаў:

— Тысяча сто дзесяць!

Я заявіў тысячу сто дзевяноста, спадзеючыся, што ён дасць тысячу дзвесце. Я ўжо рашыў спыніцца.

Але Гвіда раз'юшыўся. Ён раззлаваўся, думаючы, што я яго выцясняю. Раптам ён даў тысячу трыста. Я хутка ўзважыў. Калі б ён сапраўды хацеў купіць, то на тысячы двухстах ён спыніўся б. Цяпер ён помсціў мне і паддаваў азарту. Пасля нашай размовы ён быў упэўнены, што я буду таргавацца да паўтары тысячы, і не бачыў небяспекі.

— Тысяча трыста дзесяць, — сказаў я.

— Тысяча чатырыста, — хутка адказаў Гвіда.

— Тысяча чатырыста дзесяць, — павагаўшыся, даў я.

Я баяўся трапіць у пастку.

— Тысяча чатырыста дзевяноста! — Гвіда глянуў на мяне пераможна і кпліва. Ён быў упэўнены, што добра падкузьміў мяне.

Я вытрымаў яго позірк і прамаўчаў. Аўкцыёншчык паўтарыў суму адзін раз, другі і падняў малаток. У той момант, калі ён стукнуў, аддаючы машыну Гвіда, пераможны выраз твару ў яго змяніўся на здзіўлены. Нічога не разумеючы, ён падышоў да мяне.

— Я думаў, што вы хочаце…