Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 194

Эрих Мария Ремарк

Камякі зямлі застукалі па веку труны. Магільшчык даў нам рыдлёўкі, і цяпер мы хавалі яго — Валянцін, Кёстэр, Альфонс, я, — як хавалі ўжо не аднаго таварыша. Раптам у маёй памяці загрымела старая салдацкая песня, старая, тужлівая. Гэтую песню ён любіў спяваць.

Аргонскі лес шуміць, шуміць,

Тут пахаванымі нам быць…

Альфонс прынёс просты чорны драўляны крыж, такі, якіх сотні тысяч засталося стаяць на бясконцых радах магіл у Францыі. Мы паставілі яго ў галавах магілкі.

— Пайшлі, — нарэшце хрыплым голасам сказаў Валянцін.

— Пайшлі, — сказаў Кёстэр і не варухнуўся.

Ніхто з нас не варухнуўся. Валянцін зірнуў па чарзе на кожнага.

— Навошта? — паволі сказаў ён. — Ну, навошта?

Ніхто не адказаў.

Валянцін знясілена махнуў рукой.

— Пайшлі.

Мы пайшлі па пясчанай сцяжыне да выхаду. Каля брамы нас чакалі Фрэд, Георгі і астатнія.

— Як ён цудоўна смяяўся, — сказаў Стэфан Грыгаляйт. Слёзы пацяклі па яго бездапаможным, злосным твары.

Я азірнуўся. За намі ніхто не ішоў.

XXV

У лютым я ў апошні раз сядзеў з Кёстэрам у нашай майстэрні. Мы былі вымушаны прадаць яе і цяпер чакалі распарадчыка аўкцыёна, які павінен быў пусціць з малатка ўсё абсталяванне і таксі. У Кёстэра быў намер вясной уладкавацца гоншчыкам пры невялічкай аўтафірме. Я пакуль што заставаўся ў кафе «Інтэрнацыяналь» і думаў пашукаць сабе яшчэ работу днём, каб павялічыць свой заробак.

У двары паступова пачалі сабірацца людзі. Прыйшоў аўкцыёншчык.

— Ты выйдзеш, Ота? — спытаў я.

— Навошта? Усё выстаўлена, а ён ведае, што да чаго.

У Кёстэра быў змораны выгляд. Па ім гэта не вельмі было відаць, але той, хто добра ведаў яго, заўважаў. Яго твар здаваўся больш напружаным і жорсткім.

Кожны вечар ён выязджаў на машыне, патрулюючы адны і тыя ж вуліцы. Ён ужо даўно ведаў прозвішча хлопца, які застрэліў Готфрыда. Яму толькі не ўдавалася знайсці яго, бо той, баючыся паліцыі, змяніў кватэру і недзе хаваўся. Усё гэта разведаў Альфонс. Ён таксама чакаў. Але, магчыма, забойцы і не было ў горадзе. Ён не ведаў, што Кёстэр і Альфонс палююць на яго. Яны чакалі, што ён, супакоіўшыся, вернецца.

— Ота, я выйду і пагляджу, — сказаў я.

— Добра.

Я выйшаў у двор. Нашы станкі і астатняе абсталяванне былі расстаўлены пасярэдзіне двара. Справа каля сцяны стаяла таксі, якое мы добра адмылі. Я паглядзеў на сядзенні і шыны. Готфрыд заўсёды называў машыну «наша верная дойная карова». Не так проста было развітацца з ёй.

Нехта ляпнуў мяне па плячы. Я здзіўлена абярнуўся. Перада мной стаяў развязны малады чалавек у паліто з поясам. Падміргваючы, ён круціў у руках бамбукавы кіёк.

— Прывітанне! Стары знаёмы!

Нешта мне пачало прыпамінацца.

— Гвіда Ціс з «Аўгека»!