Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 193

Эрих Мария Ремарк

— Чаму ты не захацеў гаварыць паліцыі, як той выглядаў? Нам дапамаглі б знайсці яго. А мы ж яго разгледзелі даволі добра.

Кёстэр зірнуў на мяне.

— Таму што мы самі з ім разлічымся, без паліцыі. Няўжо ты думаеш… — яго голас зноў прыціх, ён быў прыглушаны і жахлівы, — што я аддам яго паліцыі? Каб ён атрымаў некалькі гадоў турмы? Ты ж ведаеш, чым канчаюцца ўсе гэтыя працэсы. Гэтыя малойчыкі ведаюць, што знойдуцца добранькія суддзі! Гэтага не будзе! Кажу табе: калі б яго нават злавіла паліцыя, я заявіў бы, што гэта не той, каб ён сам трапіў мне ў рукі. Готфрыд мёртвы, а той — жывы? Гэтага не будзе!

Мы знялі насілкі з сядзенняў і праз завіруху і вецер унеслі іх у пакой, і мне здалося, што мы зноў у Фландрыі нясём забітага таварыша з акопаў у тыл.

Мы купілі труну і месца на могілках. Яго хавалі ў ясны сонечны дзень. Мы самі закрылі труну і знеслі яе ўніз па лесвіцы. Працэсія была невялікая. Фердынанд, Валянцін, Альфонс, бармен Фрэд, Георгі, Юп, фраў Штос, Густаў, Стэфан Грыгаляйт і Роза.

Каля варотаў могілак мы вымушаны былі пачакаць. Перад намі былі яшчэ дзве працэсіі. Аднаго нябожчыка прывезлі на чорным катафалку, другога — на карэце, у якую былі запрэжаны коні, упрыгожаныя чорным і срэбным крэпам. За карэтай цягнулася бясконцая працэсія жалобнікаў, якія ажыўлена размаўлялі паміж сабой.

Мы знялі труну з машыны і самі апусцілі яе на вяроўках. Магільшчыку гэта было па душы, бо яму і без таго хапала работы. Мы запрасілі святара. Мы, праўда, не ведалі, што на гэта сказаў бы Готфрыд, але Валянцін настояў на сваім. Ва ўсякім разе мы папрасілі святара не гаварыць прамовы. Няхай ён толькі прачытае з Бібліі. Святар быў стары і блізарукі. Калі ён падышоў да магілы, то спатыкнуўся і ледзь не ўваліўся ў яе, — добра, што Кёстэр і Валянцін падхапілі і ўтрымалі яго. Але падаючы, ён выпусціў з рук Біблію і згубіў акуляры, якія хацеў надзець. Яны ўпалі ў магілу. Святар разгублена пазіраў уніз.

— Не хвалюйцеся, — сказаў Валянцін. — Мы кампенсуем вам страчаныя рэчы.

— Бог з ёй, з кнігай, — ціха адказаў святар. — А вось без акуляраў мне не абысціся.

Валянцін адламаў галінку ад прысадаў. Потым ён укленчыў на крайку магілы, і яму ўдалося зачапіць акуляры і выцягнуць іх з вянкоў. Абсадка была залатая. Магчыма, па гэтай прычыне святару так хацелася вярнуць іх. Біблія правалілася каля сценкі труны. Каб дастаць яе, трэба было б выцягваць труну і лезці ў магілу. Гэтага і святар не хацеў.

— Можа, мне сказаць некалькі слоў? — спытаў ён.

— Не варта, — сказаў Фердынанд. — Цяпер жа з ім увесь Стары і Новы запаветы.

Ускапаная зямля востра пахла. У адным камяку варушылася белая лічынка. Калі магілу зноў засыплюць зямлёй, лічынка будзе жыць, ператворыцца ў кукалку, налета вылезе з зямлі і трапіць на святло. А Готфрыд — мёртвы. Ён пагас. Мы стаялі каля яго магілы, мы ведалі, што яго цела, валасы, вочы яшчэ існуюць, у іншым стане, але ўсё ж ёсць, і, нягледзячы на гэта, яго самога няма, і ён ніколі ўжо не вернецца. Гэта было непадуладна розуму. Наша цела было цёплае, нашы мазгі працавалі, сэрца гнала кроў па жылах, мы існавалі, як і раней, як учора, мы не страцілі ні рукі, ні нагі, не аслеплі і не анямелі, усё было, як заўсёды, зараз мы пойдзем, а Готфрыд Ленц застанецца і ніколі не прыйдзе да нас. Гэта было недаступна разуменню.