Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 169

Эрих Мария Ремарк

— Не трэба плакаць, — сказаў я. — Я так ганаруся, што ты не заплакала, ніводнага разу за дзень.

— Я і не плачу, — адказала яна і заматала галавой, а слёзы каціліся па яе вузкім твары.

— Давай, выпі яшчэ крыху, — гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. — Трэба перажыць толькі першы момант, потым будзе лягчэй.

Яна кіўнула.

— Так, Робі. І ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, і стане лягчэй, толькі ты не глядзі на мяне. Пакінь на некалькі хвілін мяне адну, і я спраўлюся з сабой.

— Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна… Цяпер ты можаш паплакаць, колькі табе захочацца.

— Я трымалася зусім не мужна. Ты толькі не заўважыў.

— Магчыма, — сказаў я. — Але ў тым і ёсць мужнасць.

Яна паспрабавала ўсміхнуцца.

— У чым мужнасць, Робі?

— У тым, што не здаешся. — Я пагладзіў яе па валасах. — Пакуль не здаешся, ты — над лёсам.

— У мяне гэта не мужнасць, мілы, — прамармытала яна. — Гэта проста страх. Нікчэмны страх перад вялікім, апошнім страхам.

— Гэта самая вялікая мужнасць, Пат.

Яна прыхілілася да мяне.

— Ах, Робі, ты зусім не ведаеш, што такое страх.

— Ведаю, — сказаў я.

Дзверы адчыніліся. Праваднік папрасіў білеты. Я падаў.

— Білет у спальны вагон — для дамы? — спытаў ён.

Я кіўнуў.

— Тады вам трэба перайсці ў спальны, — сказаў ён Пат. — У іншыя вагоны білет не годны.

— Добра.

— А сабаку трэба здаць у багажны вагон, — заявіў ён. — Там — купэ для сабакі.

— Выдатна, — сказаў я. — А дзе спальны вагон?

— Справа — трэці. Багажны — самы першы.

Ён пайшоў. У яго на грудзях матляўся маленькі ліхтарык. Быццам ён ішоў па шахце.

— Трэба перабірацца, Пат, — сказаў я. — Білі я перапраўлю да цябе кантрабандай. У багажным яму няма чаго рабіць.

Сабе я не купіў білета ў спальны вагон. Мне нічога не значыла праседзець ноч у куточку купэ. Ды і дзешавей так.

Юп ужо занёс чамаданы Пат у спальны вагон. Маленькае зграбнае купэ было аздоблена чырвоным дрэвам.

У Пат было ніжняе месца. Я спытаў правадніка, ці занята верхняе.

— Будзе занята, — сказаў ён. — Ад Франкфурта.

— У колькі мы будзем у Франкфурце?

— А палове трэцяй.

Я даў яму «гасцінца», і ён вярнуўся ў свой куток.

— Праз паўгадзіны мы з сабакам зноў будзем у цябе, — сказаў я Пат.

— Але ж нельга, праваднік застаецца ў вагоне.

— Можна. Не замыкай дзверы.

Я пайшоў назад міма правадніка. Ён зірнуў на мяне. На наступнай станцыі мы з сабакам выйшлі і на пероне міма спальнага вагона перайшлі ў наступны. Тут я пачакаў, пакуль праваднік выйшаў, каб паразмаўляць з машыністам. Потым я зноў падняўся, прайшоў праз вагон да купэ Пат. Ніхто мяне не ўбачыў.

У белым мяккім халаце яна выглядала вельмі прыгожа. Яе вочы гарэлі.

— Я ўжо зусім супакоілася, Робі, — сказала яна.

— Добра. Але ці не прылегчы табе? Тут вельмі цесна. Тады я прысяду каля цябе.

— Добра, але… — Яна павагалася і паказала на верхняе месца. — Калі раптам адчыняцца дзверы і перад намі з'явіцца прадстаўніца Саюза выратавання паўшых дзяўчат?

— Да Франкфурта яшчэ далёка, — сказаў я. — Я буду напагатове. Я не засну.

Перад самым Франкфуртам я перайшоў у сваё купэ. Я сеў у куток каля акна і паспрабаваў заснуць. Але ў Франкфурце ў купэ з'явіўся чалавек з вусамі, як у цюленя. Ён адразу штосьці дастаў з чамадана і пачаў есці. Ён еў так старанна, што я не мог заснуць. Сілкаванне працягвалася амаль гадзіну. Потым цюлень выцер вусы, улёгся і пачаў канцэрт, якога я не чуў ад роду. Гэта быў не проста храп, гэта былі ўздыхі з падвываннем, якія перарываліся раптоўнымі стогнамі і працяглым булькатаннем. Я не мог ва ўсім гэтым вызначыць ніякай сістэмы, так усё было разнастайна. На шчасце, а палове шостай чалавек выйшаў.