Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 157
Эрих Мария Ремарк
— Хасэ, — сказаў я, — мне здаецца, што вы не пра тое думаеце. І не лезьце вы ва ўсё гэта. Вам трэба толькі перажыць некалькі дзён. Тады вам стане ясней, што рабіць. Магчыма, ваша жонка вернецца сёння ці заўтра раніцай. Яна ж таксама заклапочана, як і вы.
— Яна не вернецца, — адказаў ён.
— Вы не ведаеце.
— Каб ёй можна было сказаць, што мне павысілі зарплату і што мы на сабраныя грошы можам кудысьці паехаць у водпуск…
— У вас будзе магчымасць сказаць ёй усё гэта. Так жа проста не разыходзяцца.
Мяне здзіўляла, што пра другога мужчыну ён увогуле не думаў. Да яго, відаць, яшчэ не дайшло. Ён думаў толькі пра тое, што жонка пакінула яго, а ўсё астатняе было зацягнута туманам. Мне карцела сказаць яму, што праз некалькі тыдняў ён, магчыма, будзе рады, што жонкі няма… але пры яго разгубленасці гэта прагучала б грубасцю. Праўда для параненага пачуцця заўсёды грубая і амаль невыносная.
Я з ім яшчэ крыху паразмаўляў, каб толькі даць яму магчымасць выгаварыцца. Нічога не дапамагло. Ён паўтараў адно і тое, але мне здалося, што крыху супакоіўся. Ён выпіў чарку каньяку. Потым я пачуў, што мяне кліча Пат.
— Хвілінку! — сказаў я і ўстаў.
— Зараз, — прамовіў ён, як паслухмяны хлопчык, і таксама падняўся.
— Пабудзьце, я зараз вярнуся.
— Прабачце…
— Я неўзабаве вярнуся, — сказаў я і пайшоў у пакой да Пат.
Яна сядзела ў пасцелі. Выгляд у яе быў свежы і здаровы.
— Я цудоўна паспала, Робі! Ужо, мусіць, полудзень.
— Ты праспала роўна гадзіну, — сказаў я і паказаў ёй гадзіннік.
Яна глянула на стрэлкі.
— Тым лепш, у нас яшчэ процьма часу. Я зараз устану.
— Добра. Праз дзесяць хвілін я прыйду.
— У цябе хтосьці ёсць?
— Хасэ, — сказаў я. — Але мы не заседзімся.
Я вярнуўся ў пакой, але Хасэ ўжо не было. Я адчыніў дзверы ў калідор, але і там было пуста. Я пайшоў у другі канец калідора і пастукаў у яго дзверы. Ён не адказаў. Я адчыніў дзверы і ўбачыў, што ён стаіць перад шафай. Некалькі шуфляд было выцягнута.
— Хасэ, — сказаў я, — прыміце снатворнае, ляжце ў пасцель і забудзьцеся пра ўсё хоць у сне. Цяпер вы занадта раздражнёны.
Ён паволі павярнуўся да мяне.
— Заўсёды адзін, кожны вечар! Увесь час сядзець аднаму, як учора! Уявіце сабе!
Я сказаў яму, што гэта зменіцца, што ёсць шмат людзей, якія вечарамі застаюцца адны. Я не пачуў адказу. Я яшчэ раз сказаў, каб ён ішоў спаць, магчыма, усё акажацца нявінным жартам, і жонка з'явіцца дамоў. Ён кіўнуў галавой і падаў мне руку.
— Я ўвечары заскочу яшчэ, — сказаў я і пайшоў, адчуўшы палёгку.
Перад Пат ляжала газета.
— Ці не пайсці нам сёння ў музей, Робі? — прапанавала яна.
— У музей? — спытаў я.
— Так. Там выстаўка персідскіх дываноў. Ты ж, пэўна, не часта ходзіш у музеі?
— Ніколі не быў, — адказаў я. — Што я там згубіў?
— Ты маеш рацыю, — сказала яна і засмяялася.
— Нічога страшнага. — Я ўстаў. — У такое надвор'е можна штосьці зрабіць і для павышэння свайго культурнага ўзроўню.
Мы апрануліся і выйшлі. Паветра было цудоўнае. Яно пахла лесам і вільгаццю. Калі мы праходзілі каля «Інтэрнацыяналя», я ўбачыў праз адчыненыя дзверы Розу, якая сядзела каля стойкі. Перад ёй стаяў яе нядзельны кубачак гарачага шакаладу. На стале ляжаў маленькі скрутак. Мусіць, як звычайна, яна сабралася паехаць да свайго дзіцяці. Я даўно ўжо не быў у «Інтэрнацыяналі», і мне здалося дзіўным, што Роза, як заўжды, спакойна сядзіць там. У мяне здарылася так шмат перамен, што я падумаў: усё павінна змяніцца.