Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 155

Эрих Мария Ремарк

— І не трэба, мілы. Я і так цябе разумею. Але часам усё роўна хочацца пачуць такія словы.

— З сённяшняга дня буду гаварыць увесь час. Нават калі сам сабе буду здавацца дурнем.

— Што такое дурасць? — спытала яна. — У каханні не бывае дурасці.

— Дзякуй богу, што не бывае… А так невядома, што сталася б з чалавекам.

Мы паснедалі разам, і Пат зноў легла ў пасцель. Так рэкамендаваў Жафэ.

— Ты пабудзеш яшчэ? — спытала яна, лежачы пад коўдрай.

— Калі ты хочаш, — сказаў я.

— Мне хацелася б, але калі табе трэба…

Я прысеў каля ложка.

— Я не пра тое. Я проста ўспомніў, што ты раней не любіла, каб на цябе сонную глядзелі.

— Раней было… а цяпер часам баюся, адна…

— Такое было і са мной, — сказаў я. — У шпіталі пасля аперацыі. Я тады баяўся спаць ноччу. Я ляжаў і чытаў ці думаў пра нешта. Толькі калі світала, я засынаў. Але гэта праходзіць.

Яна прытулілася шчакой да маёй рукі.

— Боязна, што не вернешся назад, Робі…

— Так, — сказаў я. — Але вяртаешся, і ўсё праходзіць. Ты ж бачыш па мне. Заўсёды вяртаешся на тое самае месца.

— У тым якраз і справа, — прамовіла яна, ужо засынаючы, з прыплюшчанымі вачыма. — Я гэтага таксама баюся. Але ж ты сочыш за мной, праўда?

— Я сачу, — сказаў я і пагладзіў яе па лбе і па валасах, якія здаліся мне таксама зморанымі.

Яе дыханне зрабілася глыбейшым. Яна павярнулася на бок. Праз хвіліну яна моцна заснула.

Я сеў да акна і пачаў глядзець на дождж. За акном сек суцэльны шэры лівень, і дом здаваўся маленькім востравам у змрочнай бясконцасці. Я занепакоіўся: рэдка бывала, каб Пат зранку губляла мужнасць і сумавала. Але потым я ўспомніў, што яшчэ некалькі дзён назад яна была ажыўленая і вясёлая і што, можа, калі яна прачнецца, усё яшчэ пераменіцца. Я ведаў, што яна шмат думае пра сваю хваробу, і я ведаў ад Жафэ, што ёй яшчэ не палепшала, але ў сваім жыцці я так часта бачыў смерць, што любая хвароба азначала для мяне жыццё і надзею. Я ведаў, што памерці можна ад раны, тут у мяне быў вялікі вопыт. Але менавіта з гэтай прычыны мне часта бывала цяжка паверыць, што і хвароба, пры якой чалавек знешне здаваўся здаровым, можа быць небяспечнай.

Вось чаму мне ўдавалася хутка пераадолець такія выпадкі адчаю…

Пастукалі ў дзверы. Я адчыніў і ўбачыў Хасэ. Я прыклаў палец да вуснаў і выйшаў у калідор.

— Прабачце, — праз сілу вымавіў ён.

— Заходзьце да мяне, — сказаў я і адчыніў дзверы свайго пакоя.

Хасэ спыніўся на парозе. Яго твар, здавалася, паменшаў і зрабіўся белы, як вапна.

— Я толькі хацеў сказаць, што нам ужо не трэба ехаць, — сказаў ён, амаль не варушачы губамі.

— Спакойна заходзьце, — адказаў я. — Фройляйн Хольман спіць, у мяне ёсць час.

У руцэ ён трымаў пісьмо. Выгляд у яго быў як у падстрэленага, які яшчэ верыць, што гэта толькі драпіна.

— Вы ўжо пілі каву? — спытаў я.

Ён пахітаў галавой.

— Прачытайце пісьмо…

— Добра, але тым часам вы можаце выпіць…

Я выйшаў і даў распараджэнне Фрыдзе. Потым я пачаў чытаць пісьмо. Гэта было пісьмо ад фраў Хасэ — усяго некалькі радкоў. Яна паведамляла мужу, што хоча яшчэ штосьці мець ад жыцця. Вось чаму яна не вернецца. Ёсць чалавек, які разумее яе лепш за Хасэ. І няхай ён нічога не пачынае — не мае сэнсу. Яна нізашто не вернецца. Гэта, відаць, і яму найлепшае выйсце. У яго не будзе турботаў, не трэба думаць, ці хопіць зарплаты. Частку сваіх рэчаў яна забрала, астатнія забярэ пры выпадку.