Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 153

Эрих Мария Ремарк

Я пазіраў услед яму, пакуль за ім не зачыніліся дзверы. «Так, — падумаў я, — калі б усё было так проста!» Ён дапамагае, дапамагае заўсёды! Але ці дапамог ён Бернгарду Бізэ, калі той ляжаў з прастрэленым жыватом у Гоўтхольцкім лесе і крычаў, ці дапамог ён Качынскаму, які загінуў пад Гандзэме, пакінуўшы хворую жонку з дзіцем, якога яшчэ не бачыў, ці дапамог ён Мюлеру, і Леру, і Кэмерыху, ці дапамог ён малому Фрыдману, і Юргенсу, і Бэргеру, і мільёнам іншых? Пракляцце! Занадта шмат крыві праліта ў свеце за гэткую веру ў нябеснага айца!

Я завёз кветкі дадому, потым загнаў машыну ў майстэрню і пайшоў назад. Як ні дзіўна, але ад паху кавы ў мяне стала весялей на душы. Мне ўжо было вядома з вайны: не важныя падзеі суцяшаюць чалавека. Суцяшэнне прыносяць непрыкметныя дробязі…

Не паспеў я адчыніць дзверы ў калідор, як са свайго пакоя выскачыў Хасэ. Твар у яго быў жоўты і прыпухлы, вочы чырвоныя ад бяссонніцы, у яго быў выгляд, быццам ён ляжаў у пасцелі ў касцюме. Калі ён убачыў мяне, па яго твары прабег цень бязмернага расчаравання.

— А, гэта вы, — прабурчаў ён.

Я здзіўлена зірнуў на яго.

— Вы так рана кагосьці чакаеце?

— Чакаю, — ціха адказаў ён. — Жонку. Яна не вярнулася дадому. Вы не бачылі яе?

Я пахітаў галавой.

— Я выходзіў толькі на гадзіну.

Ён кіўнуў галавой.

— Я падумаў толькі… магло здарыцца, што вы сустракалі яе.

Я паціснуў плячыма.

— Пэўна, прыйдзе пазней. Вы не тэлефанавалі?

Ён з нейкім страхам глянуў на мяне.

— Учора ўвечары яна пайшла да сваіх знаёмых. Я дакладна не ведаю, дзе яны жывуць.

— А прозвішча ведаеце? Тады можна было б спытаць у бюро даведак.

— Я ўжо спрабаваў. У бюро няма такога прозвішча.

Ён пазіраў вачыма пабітага сабакі.

— Яна заўсёды таіла сваіх знаёмых. Калі ж я аднаго разу нешта спытаў, яна раззлавалася. Тады я перастаў пытацца. Я быў рады, што ў яе з'явіліся сябры. Яна заўсёды казала, што і тут я хачу ёй перашкодзіць.

— Магчыма, яна хутка прыйдзе, — сказаў я. — Я нават упэўнены, што прыйдзе. На ўсякі выпадак вы патэлефанавалі ў паліцыю?

Ён кіўнуў.

— Усюды. Там нічога не ведаюць.

— Ну вось, — сказаў я. — Вам няма чаго хвалявацца. Магчыма, ёй зрабілася блага, і яна засталася пераначаваць. Такое здараецца часта. Пэўна, праз гадзіну-дзве яна прыйдзе.

— Вы так думаеце?

Дзверы кухні адчыніліся, з'явілася Фрыда з падносам.

— Каму гэта? — спытаў я.

— Фройляйн Хольман, — адказала яна крыху раздражнёна.

— Яна ўжо прачнулася?

— Здаецца, прачнулася, — заявіла Фрыда баявітым голасам, — інакш бы не пазваніла, каб я несла сняданак.

— Благаславі вас бог, Фрыда, — сказаў я. — Уранку часта я з вас нацешыцца не магу. Ці не маглі б вы прымусіць сябе згатаваць і мне каву?

Яна нешта буркнула і пайшла, пагардліва віхляючы задам. Яна гэта ўмела. Яна была адзіная істота, у якой атрымлівалася так выразна.

Хасэ чакаў. Мне раптам стала сорамна, калі я павярнуўся і ўбачыў, як аддана і ціха ён зноў стаіць каля мяне.

— Праз гадзіну-дзве вы, напэўна, пазбавіцеся сваіх турбот, — сказаў я і падаў яму руку.