Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 152

Эрих Мария Ремарк

Я пайшоў у царкоўны сад. Ён патанаў у шэрым святле. З кустоў руж сцякалі кроплі дажджу. Мой плашч быў даволі шырокі, і кветкі, што я пазразаў, добра месціліся пад ім. Хоць была нядзеля, прахожых не было, і я спакойна занёс ахапак руж у машыну. Потым вярнуўся, каб набраць яшчэ. Толькі я паспеў схаваць ружы пад плашч, як пачуліся нечыя крокі. Я прыціснуў букет рукой і спыніўся перад барэльефам, быццам молячыся.

Крокі наблізіліся, але не мінулі мяне. Нехта спыніўся. Мне стала душна. Я вельмі задумліва ўтаропіўся на барэльеф, перахрысціўся і паволі пайшоў далей ад барэльефа, які быў воддаль ад сцежкі. Крокі рушылі следам за мной і зноў спыніліся. Я не ведаў, што рабіць. Я не мог ісці адразу, трэба было перачакаць той час, які патрэбны, каб дзесяць разоў паўтарыць «Авэ Марыя» і адзін раз «Ойча наш». Інакш я выдаў бы сябе.

Я стаяў і пазіраў, стараючыся зразумець, што здарылася, — асцярожна, з адсутным позіркам, быццам хтось патрывожыў маю малітву.

Я глянуў у зычлівы круглы твар пастара і з палёгкай уздыхнуў. Я ўжо лічыў, што выратаваны, бо ведаў, што ён не будзе перабіваць малітву. Але тут я заўважыў, што, на сваё няшчасце, стаю ўжо каля апошняга адрэзка хрэснага шляху. Як бы марудліва я ні маліўся, праз некалькі хвілін я павінен закончыць, і гэтага моманту ён, відаць, чакаў. Не мела сэнсу цягнуць справу далей. І я паволі, як нічога ніякага, пайшоў да выхаду.

— Добрай раніцы, — сказаў святар. — Будзь дабраславёны Ісус Хрыстос!

— Вечна дабраславёны, аман! — адказаў я.

Гэта было каталіцкае прывітанне.

— Рэдка хто бывае тут у гэты час, — сказаў ён зычліва і паглядзеў на мяне светлымі блакітнымі вачыма дзіцяці.

Я нешта прамармытаў.

— На жаль, рэдка здараецца цяпер, — працягваў ён заклапочана. — Асабліва рэдка моляцца мужчыны каля хрэснага шляху. Таму я так рады за вас і таму загаварыў з вамі. У вас, пэўна, ёсць нейкая асаблівая просьба, раз вы так рана і ў такое надвор'е прыйшлі сюды.

«Ёсць просьба, каб ты пайшоў адсюль», — падумаў я і з палёгкай кіўнуў галавой. Дагэтуль ён, здавалася, не здагадаўся пра кветкі. Цяпер трэба было толькі хутка ўлізнуць ад яго і не насцярожыць.

Ён зноў усміхнуўся мне.

— Я рыхтуюся да сваёй пропаведзі і магу ўключыць вашу просьбу ў малітву.

— Дзякуй, — сказаў я разгублена і сарамліва.

— За спачын душы нябожчыка? — спытаў ён.

Я на момант утаропіўся на яго, мае кветкі папаўзлі пад плашчом.

— Не, — сказаў я хутка, моцна прыціснуўшы руку да плашча.

Ён глянуў на мяне сваімі добрымі пранізлівымі вачыма. Магчыма, ён чакаў, што я скажу яму, у чым справа. Але мне ў галаву нічога не прыходзіла, і мне не хацелася хлусіць яму больш, чым трэба. Таму я прамаўчаў.

— Тады я буду маліцца за дапамогу незнаёмцу, які трапіў у бяду, — нарэшце сказаў ён.

— Добра, — адказаў я. — Калі вам не цяжка. Я вам буду вельмі ўдзячны.

Ён з усмешкай махнуў рукой.

— Не трэба мне дзякаваць. Мы ўсе ў руках божых. — Ён яшчэ раз зірнуў на мяне, крыху нахіліўшы галаву, і мне здалося, быццам па яго твары нешта прамільгнула.

— Толькі верце, — сказаў ён. — Айцец нябесны дапаможа. Ён заўсёды дапамагае, нават тады, калі мы гэтага не заўважаем. — Потым ён кіўнуў мне і пайшоў.