Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 140

Эрих Мария Ремарк

— А хто яго ведае… Магчыма, Каньяк, ці Віскі, ці нешта такое падобнае, калі меркаваць па яго апошнім гаспадары.

— Ён цяпер наш?

— Наколькі адна жывая істота можа належаць іншай…

Яна аж задыхалася ад радасці.

— Мы назавём яго Білі, добра, Робі? Калі мама была дзяўчынкай, у яе быў сабака. Яна мне часта расказвала пра яго. Яго звалі таксама Білі.

— Тады я ўсё зрабіў як трэба, — сказаў я.

— Ён не брудзіць у пакоі? — спытала фраў Залеўскі.

— У яго радаслоўная як у караля, — заявіў я. — А каралі не брудзяць у пакоях.

— Але пакуль яны малыя… Колькі яму год?

— Восем месяцаў. Гэта адпавядае шаснаццаці чалавечым гадам.

— Ён не падобны да таго, хто не брудзіць, — заявіла фраў Залеўскі.

— Яго проста трэба памыць — і ўсё.

Пат устала і абняла фраў Залеўскі за плечы. Я знямеў ад здзіўлення.

— Я ўсё жыццё марыла пра сабаку, — сказала яна. — Нам можна пакінуць яго тут, праўда ж? Вы не супроць?

Матухна Залеўскі ўпершыню, колькі я яе ведаў, засаромелася.

— Ну, што ж… няхай сабе, — дазволіла яна. — І карты паказвалі. Нечаканая навіна праз караля ў доме.

— Карты не паказалі, што мы сёння вечарам ідзём на шпацыр? — спытаў я.

Пат засмяялася.

— Да гэтага мы яшчэ не дайшлі, Робі. Карты паказвалі цябе аднаго.

Фраў Залеўскі ўстала і забрала карты.

— Можна верыць, можна не верыць, і можна верыць наадварот, як мой Залеўскі. У таго піковая дзевятка заўсёды паказвала на няшчасце ад вадкасці. Таму яму і здавалася, што трэба асцерагацца вады. А карты паказвалі не ваду — а гарэлку і піва…

— Пат, — сказаў я, моцна яе абдымаючы, калі тая выйшла. — Як цудоўна: прыходзіш дамоў, і ты тут. Для мяне гэта заўсёды як сюрпрыз. Калі я прабягаю апошнія сходкі і адчыняю дзверы, сэрца ў мяне заўсёды калоціцца: няўжо гэта праўда?

Яна з усмешкай зірнула на мяне. Яна амаль ніколі не адказвала на такія мае прызнанні. Я і не мог уявіць сабе ды і не вытрываў бы, калі б яна адказала мне чымсьці падобным. Я лічыў, што жанчына не павінна гаварыць мужчыне пра сваё каханне. У яе ад шчасця загараліся вочы, і яны гаварылі больш, чым словы.

Я доўга трымаў яе ў абдымках, я адчуваў цеплыню яе скуры і лёгкі пах яе валасоў… Я абдымаў яе, і, акрамя яе, нікога не было… Змрок адступіў, яна была са мной, яна жыла, яна дыхала… нічога не было страчана.

— Мы сапраўды некуды пойдзем, Робі? — спытала яна на самае вуха.

— Нават усе разам, — адказаў я. — І Кёстэр, і Ленц… «Карл» ужо чакае каля парога.

— А Білі?

— Вядома, і Білі з намі. Без яго куды мы падзелі б рэшткі вячэры? Ці ты ўжо павячэрала?

— Не яшчэ. Я чакала цябе.

— Але не трэба мяне чакаць. Ніколі. Гэта жудасна — чакаць чаго-небудзь.

Яна пахітала галавой.

— Ты не разумееш, Робі. Жудасна бывае толькі тады, калі няма чаго чакаць.

Яна ўключыла святло каля люстэрка.

— Цяпер я пачынаю апранацца, а то не паспею. Ты таксама пераапранешся?

— Потым, — сказаў я. — Я хутка спраўлюся. Дазволь мне пабыць тут…

Я падазваў сабаку і сеў у крэсла каля акна. Я любіў сядзець вось так моўчкі і глядзець на Пат, калі яна апраналася. Ніколі я не адчуваў так востра таямнічасці неспазнанага адвеку ў жанчыне, як у гэтых рухах каля люстэрка, гэтым раздумлівым назіранні за сабой, гэтым паглыбленні ў самую сябе, гэтым непрыкметным вяртанні ў падсвядомае самаадчуванне жаноцкасці. Я не мог сабе ўявіць, каб жанчына апраналася, бесклапотна размаўляючы і смеючыся. А калі такое і здаралася, то ёй не хапала таямнічасці і няўлоўнай чароўнасці, якая, здаецца, увесь час знікае. Я любіў у Пат яе мяккія і ўсё-такі гнуткія рухі перад люстэркам. Як цудоўна было назіраць за ёй, калі яна падбірала валасы ці далікатна і асцярожна падносіла аловак, як стралу, да броваў. Тады яна ў нечым была падобная да казулі, і да танклявай пантэры, і да амазонкі перад боем. Яна забывала пра ўсё на свеце, яе твар быў сур'ёзны і засяроджаны, яна ўважліва і спакойна трымалася перад сваім адлюстраваннем, і калі зусім блізка нахілялася да яго, здавалася, што гэта ўжо не адлюстраванне, а быццам са змроку рэчаіснасці і тысячагоддзяў дзве жанчыны смела і пранізліва глядзяць адна адной у вочы адвечным мудрым позіркам.