Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 137
Эрих Мария Ремарк
— Мне трэба зрабіць вячэрні абход. Я запрашаю і вас. Сястра дасць вам халат. А для пацыентаў вы будзеце маім асістэнтам.
Я не разумеў, навошта ён гэта робіць. Але я ўзяў у сястры халат.
Мы пайшлі па доўгіх калідорах. Праз шырокія вокны лілося ружовае вечаровае святло — мяккае, прыглушанае, яно плыло, нібы ў казцы. Некаторыя вокны былі адчынены. З двара залятаў пах ліпавай квецені.
Жафэ адчыніў дзверы. У нос ударыла спёртае цяжкае паветра. Жанчына з прыгожымі валасамі колеру старога золата, на якіх яркімі водбліскамі іскрылася святло, знясілена падняла руку. У яе быў высакародны лоб, які звужаўся на скронях. А пад вачамі пачыналася павязка, якая даходзіла да рота. Жафэ асцярожна зняў яе. Я ўбачыў, што ў жанчыны не было носа. Замест яго зеўрала крывавая рана, уся ў струпах і з дзвюма дзіркамі пасярэдзіне. Жафэ зноў наклаў павязку.
— Добра, — сказаў ён і павярнуўся да выхаду.
Ён зачыніў дзверы за сабой. Я на хвілінку спыніўся ў калідоры, гледзячы на мяккае вечаровае святло.
— Хадзем! — сказаў Жафэ і пайшоў перада мной у наступную палату. Мы пачулі гарачае цяжкае дыханне хворага ў гарачцы. Гэта быў мужчына з алавяным тварам, на якім гарэлі незвычайна яркія чырвоныя плямы. Рот быў разяўлены, вочы выкаціліся, рукі неспакойна хапаліся за коўдру. Чалавек быў беспрытомны. Каля ложка сядзела сястра і чытала. Пры з'яўленні Жафэ яна адклала кнігу і ўстала. Ён зірнуў на тэмпературны ліст і пахітаў галавой: на лісце ўвесь час стаяла сорак градусаў.
— Двухбаковае запаленне лёгкіх і плеўрыт. Ужо тыдзень супраціўляецца, як бык. Рэцыдыў. Ужо амаль быў здаровы. Занадта рана ўзяўся за працу. Жонка і чацвёра дзяцей. Няма надзеі.
Ён паслухаў грудзі, памацаў пульс. Яму дапамагала сястра. Яе кніга ўпала на падлогу. Я падняў і ўбачыў, што гэта была кулінарная кніга. Хворы бесперапынна драпаў схуднелымі рукамі коўдру. Толькі гэты гук і чуўся ў пакоі.
— Застаньцеся тут на ноч, сястра, — сказаў Жафэ.
Мы выйшлі. Ружаватае змярканне набыло адценні. Яно, нібы воблака, запоўніла калідор.
— Заклятае святло, — сказаў я.
— Чаму? — спытаў Жафэ.
— Несумяшчальна… адно з адным.
— Што вы… — сказаў Жафэ. — Усё сумяшчаецца.
У наступнай палаце ляжала жанчына, якая задыхалася. Яе прывезлі пад вечар з цяжкім атручваннем вераналам. Напярэдадні здарыўся няшчасны выпадак з яе мужам, ён зламаў сабе пазваночнік. Яго прывезлі дадому. Ён быў пры памяці і жудасна крычаў. Ноччу ён памёр.
— Яна выжыве? — спытаў я.
— Магчыма.
— Для чаго?
— За апошнія гады ў мяне было пяць падобных выпадкаў, — сказаў Жафэ. — Толькі адна спрабавала яшчэ раз пакончыць з сабой. Атруцілася газам і памерла. А дзве выйшлі яшчэ раз замуж.
У наступнай палаце ляжаў мужчына, які ўжо дванаццаць гадоў быў паралізаваны. У яго была васковая скура, рэдкая чорная барада і вельмі вялікія нерухомыя вочы.
— Як справы? — спытаў Жафэ.
Чалавек зрабіў няпэўны жэст рукой. Потым ён паказаў на акно.
— Паглядзіце на неба! Будзе дождж, я адчуваю. — Ён усміхнуўся. — Пад музыку дажджу лепей спіцца. — На коўдры перад ім ляжала скураная шахматная дошка з фігурамі, якія мацаваліся да яе. Побач ляжала куча газет і некалькі кніг.