Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 117

Эрих Мария Ремарк

— Заўтра раніцай я магу адвезці вас назад.

— Лепш не трэба, — сказаў Жафэ.

— Я паеду спакойна.

— Я хачу застацца яшчэ на дзень і паназіраць. Ваш ложак свабодны? — спытаў ён мяне.

Я кіўнуў галавой.

— Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсці сабе месца ў вёсцы?

— Магу. Знайсці вам зубную шчотку і піжаму?

— Не трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькі, можа, не да гонак.

— Прабачце, — сказаў Кёстэр. — Разумею, што вы раззлаваліся.

— Зусім не, — сказаў Жафэ.

— Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды.

Жафэ засмяяўся.

— Вы дрэнна думаеце пра лекараў. Цяпер ідзіце спакойна. Я застануся тут.

Я хутка прыхапіў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накіраваліся ў вёску.

— Ты замарыўся? — спытаў я.

— Не, — сказаў ён. — Пасядзім яшчэ дзе-небудзь.

Праз гадзіну я занепакоіўся.

— Калі ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота, — сказаў я. — Інакш навошта б яму…

— Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасці, — адказаў Кёстэр. — Ён вельмі любіць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў і яе маці…

— І ў яе быў…

— Я не ведаю, — хутка адказаў Кёстэр. — Магчыма, было нешта іншае. Пойдзем спаць?

— Ідзі, Ота. Я хачу яшчэ раз… хоць здалёку…

— Добра. Пайшлі разам.

— Я хачу табе штосьці сказаць, Ота. Я вельмі люблю спаць на волі, калі так цёпла. Не турбуйся. У апошні час я часта рабіў так.

— Сыра ж…

— Нічога. Я падыму верх «Карла» і пасяджу.

— Добра. І я пасплю з ахвотай на волі.

Я зразумеў, што мне ад яго не адбаярыцца. Мы склалі разам коўдры і падушкі і вярнуліся да «Карла». Мы адпусцілі рамяні і адкінулі пярэднія сядзенні. Так можна было легчы.

— Лепш, чым было на фронце, — сказаў Кёстэр.

Светлая пляма акна свяцілася праз туман. Некалькі разоў я ўбачыў цень Жафэ. Мы выпалілі цэлы пачак цыгарэт. Потым святло пагасла, гарэла толькі маленькая настольная лямпа.

— Дзякаваць богу, — сказаў я.

На брызент капаў дождж. Дзьмуў слабы вецер. Пахаладала.

— Вазьмі маю коўдру, Ота, — сказаў я.

— Не трэба, мне цёпла.

— Выдатны хлопец гэты Жафэ, праўда?

— Выдатны. Мне здаецца, вельмі шчыры.

— Несумненна.

Я прачнуўся з неспакойнага паўсну. На дварэ было шэра і холадна. Кёстэр ужо не спаў.

— Ты не спаў, Ота?

— Спаў.

Я выбраўся з машыны і па садовай сцяжынцы ціха падышоў да акна. Настольная лямпа ўсё яшчэ гарэла. Я ўбачыў на ложку Пат з заплюшчанымі вачыма. На момант я спужаўся, што яна памерла. Але потым я ўбачыў, як паварушылася яе правая рука. Яна была вельмі бледная. Але кроў больш не ішла. Яна зноў паварушыла рукой. У той самы момант Жафэ, які спаў на другім ложку, расплюшчыў вочы. Я хутка адышоў, супакоены. Ён сачыў за ёю.

— Мне здаецца, нам трэба знікнуць адсюль, — сказаў я Кёстэру, — каб ён не бачыў, што мы сочым за ім.

— Там усё ў парадку? — спытаў Ота.

— Так, наколькі можна бачыць. У яго правільны сон, у гэтага прафесара. З гарматы страляй — не разбудзіш, але адразу прачнецца ад мышкі, калі яна зашкрабецца каля яго рэчмяшка.

— Можам пайсці пакупацца, — сказаў Кёстэр. — Тут цудоўнае паветра. — Ён пацягнуўся.

— Ідзі адзін, — сказаў я.

— Пайшлі разам, — настойваў ён.