Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 115

Эрих Мария Ремарк

Колы рыпелі, шыпелі, вылі, свісталі — матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахіліўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялізнае вуха, у фільтр, які прасейваў гул і свіст на зразумелыя яму шумы і які гатовы быў вылавіць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып ці шоргат, што пагражалі аварыяй і смерцю. Шаша стала мокрай. На гліністай дарозе машына віхляла і падскоквала. Кёстэру давялося знізіць хуткасць. Павароты патрабавалі яшчэ большага напружання. Кёстэр кіраваў ужо не так з дапамогай розуму, як інстынкту. Фары высвечвалі павароты толькі напалову. У той момант, калі машына паварочвала, дарогі відаць не было. Пражэктар-шукальнік не дапамагаў, прамень быў занадта тонкі. Лекар маўчаў. Раптам паветра перад фарамі завіхрылася, яно афарбавалася ў бледна-серабрысты колер, з'явіліся стракатыя клубы. Гэта быў адзіны момант, калі Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвіліну яны былі ў густым тумане.

Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылі ў ваце, міма праносіліся цені, дрэвы, невыразныя сілуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькі выпадак і прыблізнасць, плямы, якія вырасталі і знікалі ў рыку матора.

Калі яны праз дзесяць хвілін выбраліся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зірнуў на Жафэ і штосьці прамармытаў. Потым ён даў поўны газ… насуплены, халодны і зноў упэўнены ў сабе.

У пакоі панавала ліпкая цеплыня, гнятучая, як свінец.

— Не перастае? — спытаўся я.

— Не, — адказаў лекар.

Пат зірнула на мяне. Я паспрабаваў усміхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.

— Яшчэ паўгадзіны, — сказаў я.

Лекар ускінуў позірк на мяне.

— Яшчэ паўтары гадзіны, калі не дзве. Ідзе дождж.

Кроплі з ціхім шоргатам падалі на лісце і кусты ў садзе. Аслеплымі вачыма я ўзіраўся ў цемру. Колькі часу прайшло, як мы ўставалі ўначы і масціліся паміж ляўкоямі і рэзедой і Пат напявала дзіцячыя песенькі? Ці даўно тое было, калі дарога блішчала ў белым сонечным святле і Пат бегла паміж кустоў, падобная да гнуткага звярка?

Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.

— Заткніся, — прабурчаў я. На ўспамін прыйшлі расказы пра птушак — вестуноў смерці.

— Глупства! — сказаў я гучна, і ўсё роўна па спіне пабеглі мурашкі. Недзе гудзеў хрушч… але не набліжаўся… не набліжаўся. Ён гудзеў аднастайна ціха; а вось перастаў… цяпер зноў пачуўся… гэта быў не жук, гэта быў далёкі гул матора, які на высокай хуткасці браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў… зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзіць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбіраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, які быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлівасць… Я ўскочыў у пакой і, трымаючыся за дзверы, сказаў: