Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 107

Эрих Мария Ремарк

— Робі! — паклікала Пат.

Я расплюшчыў вочы. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб прыпомніць, дзе я. Заўседы, калі наплывалі ваенныя ўспаміны, я адразу адключаўся. Пры іншых успамінах гэтага не было.

Я прыўзняўся. Пат выходзіла з вады. Яна ішла якраз па дарожцы, утворанай на моры сонечным святлом, блішчастая стужка сцякала з яе плячэй. Яна так была ахутана святлом, што здавалася амаль зялёнай. З кожным крокам набліжаючыся да пляжа, яна нібы ўрастала ў шырокі сонечны прамень, пакуль вечаровае сонца не стала над самай яе галавой, як німб.

Я зусім міжволі ўскочыў — нібы з іншага свету з'явіўся гэты вобраз: бязмежнае сіняе неба, белыя пенныя марскія хвалі і прыгожая стройная фігура на пярэднім плане, — мне здалося, што я адзін на белым свеце, а з вады да мяне крочыць першая жанчына. На хвіліну я адчуў незвычайную ціхую прываблівую сілу прыгажосці і зразумеў, што яна была мацнейшая за ўсё крывавае мінулае, што яна і павінна быць мацнейшай — інакш рухне ўвесь свет, задыхнецца ў жудасным тлуме. І яшчэ больш за ўсё гэта я адчуў, што я існую, проста існую, і што Пат існуе, што я жыву, што я неяк уратаваўся ад жахаў, што ў мяне ёсць вочы, і рукі, і думкі, і палкія хвалі крыві і што ўсё гэта — цуд, які цяжка зразумець.

— Робі! — крыкнула Пат яшчэ раз і памахала рукой. Я ўзяў яе халат і хутка пайшоў ёй насустрач.

— Ты занадта доўга была ў вадзе, — сказаў я.

— Я зусім не замерзла, — адказала яна ледзь чутна.

Я пацалаваў яе ў мокрае плячо.

— Спачатку табе трэба пасцерагчыся.

Яна пахітала галавой і глянула на мяне ззяючымі вачыма.

— Я даволі доўга асцерагалася.

— Праўда?

— Вядома. Занадта доўга. Хачу быць нарэшце неасцярожнай! — Яна засмяялася і прытулілася шчакой да мяне. — Давай забудзем пра асцярожнасць, Робі! Не будзем думаць ні пра што, зусім ні пра што, толькі пра саміх сябе, пра сонца, адпачынак і мора!