Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 105

Эрих Мария Ремарк

— У цябе сёння нават незвычайны дзень, — сказала Пат лагодна. — Пяцьдзесят два.

Я схаваў дробязь у кішэню і запаліў.

— Ці не пара табе ўжо перастаць лічыць? — спытаў я. — Табе ўжо за семдзесят.

— Сто, Робі. Сотня — добрая лічба. Я хачу дажыць да ста.

— Малайчына! Вось гэта — мужнасць! Але навошта табе такое доўгае жыццё?

Яна кінула на мяне беглы погляд.

— Будзе відаць. Я на гэта гляджу інакш, чым ты.

— Ну, вядома. Між іншым, найцяжэй жыць толькі першыя семдзесят гадоў. Потым, як кажуць, будзе лягчэй.

— Сто! — заявіла Пат, і мы ўсталі.

Мора набліжалася, як вялізны срабрысты ветразь. Ужо здалёку мы адчулі яго салёнае дыханне. Гарызонт пашыраўся і святлеў, і раптам яно адкрылася перад намі — неспакойнае, магутнае, бясконцае.

Дарога, зрабіўшы дугу, падбегла да самага берага. Потым з'явіўся лес, а за ім — вёска. Мы знайшлі дом, дзе думалі жыць. Ён стаяў крыху ў баку ад вёскі. Адрас нам даў Кёстэр. Ён жыў тут каля года пасля вайны.

Гэта была невялічкая адзінокая віла. Я, зрабіўшы на сваім «сітраэне» элегантны разварот, спыніўся і пасігналіў. У адным акне з'явіўся шырокі твар, невыразна зыркнуў на нас і знік.

— Будзем спадзявацца, што гэта не фройляйн Мюлер, — сказаў я.

— Ці не ўсё роўна, як яна выглядае? — сказала Пат.

Дзверы адчыніліся. Ну, дзякуй богу, гэта была не фройляйн Мюлер. Гэта была служанка. Фройляйн Мюлер, гаспадыня дома, з'явілася праз хвіліну. Гэта была манерная старая дзева з сівымі валасамі. На ёй была закрытая чорная сукенка, а замест брошкі — залаты крыжык.

— На ўсякі выпадак надзень зноў панчохі, Пат, — прашаптаў я, глянуўшы на крыжык.

Я выйшаў з машыны.

— Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведаміў пра нас, — сказаў я.

— Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце. — Яна строгім выпрабавальным позіркам аглядала мяне. — Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?

— Ах, выдатна, наколькі можна сёння ўжываць гэтае слова.

Яна кіўнула галавой і зноў зірнула на мяне, ацэньваючы.

— Вы даўно знаёмыя?

«Сапраўдны экзамен», — падумаў я і далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позірк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, відаць, было больш даверу, чым да мяне.

— У вас ёсць пакой для нас? — спытаў я.

— Калі пан Кёстэр просіць тэлеграмай, вам заўсёды знойдзецца пакой, — заявіла фройляйн Мюлер і глянула на мяне крыху пагардліва. — Я адцам вам нават самы лепшы пакой, — звярнулася яна да Пат.

Пат усміхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.

— Пойдзем глянем, — сказала яна.

Яны пайшлі ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялічкі сад. Я цягнуўся ззаду, як лішні тут — фройляйн Мюлер звярталася толькі да Пат.

Пакой, які яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмі мне спадабалася. Пакой быў даволі вялікі, светлы і ўтульны. З аднаго боку, у нішы, стаялі два ложкі.