Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 83
Усевалад Нястайка
Прафесарам Дудкай аказалася маладая прогожая жанчына ў моднай сукенцы з кароткімі рукавамі і модных басаножках.
Прафесар Дудка паглядзела на глабулус і сказала, што гэта «цудоўны штамб хларэлы» (менавіта так яна і сказала), што яна абавязкова скажа пра яго ў дакладзе ў сваім інстытуце, што гэта вялікі поспех, і горача паціснула руку спачатку Фарадзеевічу, а потым усім юннатам.
Фарадзеевіч ажно свяціўся ад радасці (дарэчы, у гэты дзень выпісалася з бальніцы яго жонка). Юннаты таксама свяціліся (карэспандэнт абяцаў напісаць пра іх у газеце). Потым Фарадзеевіч пры ўсіх абняў нас з Явам, пацалаваў і сказаў:
— Калі б не вы — усё б загінула. Дзякую, сябры мае, дзякую!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А неўзабаве ў клубе адбыўся таварыскі суд. На сцэне стаяў засланы чырвонай тканінай стол, за якім сядзелі старшыня калгаса Іван Іванавіч Шапка, члены праўлення, Явава мама-дэпутат, дзед Варава, дзед Салівон і Галіна Сідараўна.
Збоку на лаве падсудных разам сядзелі насупленыя Кныш з Кнышыхаю і трохі ў баку ад іх ашаломлены Бурміла.
Мы выступалі як галоўныя сведкі абвінавачання. І ўся зала дружна смяялася, калі Ява расказваў, як ён утапіў човен...
Палова вёскі выступіла на гэтым таварыскім судзе. І ўсе гаварылі пра тое, што той, хто дбае толькі пра ўласную скуру і сваю кішэню, не варты добрага слова (гэта сказала Галіна Сідараўна).
...Што ён «унутраны дыверсант» (гэта сказаў дзед Салівон).
...І калі ён можа прадаць за капейку сваё сумленне, гандлюючы ім на рынку, то за добрую цану ён і бацькаўшчыну не пашкадуе (гэта сказаў камсамолец Рыгор Кучарэнка).
...Але нічога, цяпер яны будуць ведаць, што думае пра іх уся вёска (гэта сказаў Іван Іванавіч Шапка).
Шумны быў сход.
А пасля сходу да нас падышоў Грышка Бардадзім і сказаў:
— Малайцы, хлопцы.
І ляпнуў сваімі граблямі па патыліцы спачатку мяне, потым Яву.
І вось ужо за плячамі лета, бесклапотныя вакацыі. Зноў парта, зноў у кожную сорак пятую хвіліну званок, зноў: «Хто не выканаў дамашняе заданне, падніміце руку!», «Ідзі да дошкі!». Будзённае жыццё колішняга пятага, цяпер шостага «Б».
Я сяджу на сваім звычайным месцы каля акна, гляджу, як гойсае па падворку наш Сабакевіч, і думаю...
Я думаю пра Кнышоў — кажуць, яны прадаюць сваю новую хату і едуць некуды на Харкаўшчыну. Напэўна, загаварыла ў іх сумленне пасля суда. Можа, там, на Харкаўшчыне, і людзьмі стануць.
Вунь Бурміла нават піць перастаў і браканьерскае прычындалле паламаў і павыкідваў.
І яшчэ я думаю (не ў першы раз): «Чаму ўсё ж Кукуруза высадзіўся на той востраў, што знаходзіцца каля Высокага? Выпадкова? Збег абставін? Ці, можа, спецыяльна?»
Я ўжо задаваў яму гэтыя пытанні.
Маўчыць. Толькі ўсміхаецца...
Раптам думкі мае перапыняе голас Галіны Сідараўны:
— Рэнь, да дошкі.
І я адчуваю, як мой правы локаць падскоквае ўгару — гэта ўстае, падымаючы века парты, мой сусед. Мой сусед і сябар Ява (колішні Кукуруза). А як жа, ён напісаў дыктант і таксама перайшоў у шосты клас.