Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 8

Усевалад Нястайка

— Хай вучацца, калі такія разумныя! — падміргнуў Яве. — Не патрэбны ім перапынак. Абыдуцца.

— Малайчынка! — пахваліў мяне Ява. Нібыта хтосьці кухаль цёплага малака выліў за пазуху — радасць цяплом разлілася ў грудзях: не часта мяне Ява хваліць.

Мы — шух-шух — і ў кусты за школай. У саменькі гушчар зашыліся, ажно пад сцяну хлява. Цёмна тут, зацішна — надзейнае месца.

— Хай цяпер знойдуць! Вось паніка будзе! Не закончацца сягоння ўрокі. Да заўтрашняга дня будуць вучыцца. Хі-хі! Без званка яны, як без рук. У навучальным працэсе званок — галоўная рэч, — сказаў я, выцягваючы яго з-пад сарочкі.

— Гэта ты шыкоўна прыдумаў. Малайчынка! — прамовіў Ява і ўзяў з маіх рук званок (я адчуваў, што яму было не па сабе ад таго, што гэта не ён прыдумаў, — а ён прывык усё прыдумляць сам).

— О! Ведаеш што! — падскочыў ён раптам. — Мы яго Сабакевічу на шыю прывяжам. Га?

— Здорава! — сказаў я. Хаця і не змікіціў, для чаго гэта патрэбна.

Але я быў бы сапраўдным парсюком, калі б не сказаў, што гэта здорава (ён жа мяне хваліў).

— У цябе няма матузка якога? — запытаў Ява.

Я кінуўся ў кішэні.

— Няма.

— От чорт! І ў мяне няма. Слухай, а давай папружку.

— Вось яшчэ... А штаны?

— Гэта ж не назусім. Рукой патрымаеш. Калі б у мяне былі на папружцы, а не на шлейцы, хіба я...

А так як я быў сёння «малайчынка», то адмаўляцца проста не меў права.

Уздыхнуўшы, я зняў папружку, і Ява пачаў спрытна прывязваць званок Сабакевічу на шыю.

— Здорава! Вось здорава мы прыдумалі! — паўтараў ён.

І раптам... І раптам за сцяною хлява мы пачулі такое, што ўмомант прымусіла нас забыць пра званок, пра Сабакевіча, пра ўсё на свеце. Хлеў гэты ўжо не быў школьны. Проста задняй сцяной ён выходзіў у школьны сад. Хлеў належаў дзядзьку Бурмілу, заўзятаму рыбаку, які жыў бабылём і амаль што ўвесь час прападаў на рыбалцы.

Мы ажно ўліплі ў сцяну хлява, прыціскаючыся вушамі да каструбаватых, негабляваных дошак. Размову вялі Бурміла і Кныш, калгасны шафёр, які жыў па суседству з Явам.

Вось што мы пачулі (да нас даляталі толькі ўрыўкі размовы):

Бурміла: Яно, канечне, так... Але...

Кныш: Затое ж падаруначак ад немцаў будзеш мець во які! На дзесяць гадоў хопіць...

Бурміла: Гы-гы!

Кныш: ...Вермахт шчодры...

Бурміла: Чаму ж, вядома...

Кныш: Павінна быць дваццаць жалезных... Дакладна... А якасць... Бранябойная... Р-раз — і няма! Будзьма!

Чуваць дзыньканне шклянак — мабыць, Кныш з Бурмілам выпіваюць.

Кныш: Купім у Кіеве што трэба — і за справу!

Бурміла: Сам не можаш?

Кныш: Калі б у мяне быў час і калі б я плаваў так, як ты, я наогул без цябе абышоўся б.

Бурміла нешта прамармытаў, але мы не разабралі ані слоўка.

Кныш (разнервавана): А... Крыж-накрыж! Трэба лавіць момант, а ты! Гэта ж такая ўдача, што мяне пасылаюць з гэтай школьнай экскурсіяй...

Бурміла: Ну, добра! Завербаваў.

Кныш: Толькі ж нікому ні-ні. Ніводнай жывой душы. Бо як дазнаюцца...