Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 10
Усевалад Нястайка
І мы адчуваем — яна ўжо шкадуе нас, яна ж добрая. Трэба каваць, пакуль гарачае.
— Педагагічна, — усклікнуў я. — Мы ж сказалі, што больш не будзем.
— Ну так, педагагічна! — падхапіў Ява. — Нават вельмі педагагічна. Макаранка абавязкова ўзяў бы. Точна!
Галіна Сідараўна адразу хмурыць бровы і холадна гаворыць:
— Не.
І мы разумеем: цяпер ужо ўсё. Перабаршчылі. Настаўнікі не любяць, каб іх вучылі.
Я з трывогай пазіраю на Бурмілу і на Кныша, які пахаджвае каля машыны і раз-пораз лупіць ботам па шыне.
«Няўжо мы застанемся і так і не даведаемся, што яны будуць рабіць у Кіеве?» — думаю я.
І ў галаве маёй зноў узнікаюць загадкавыя таямнічыя словы:
«Затое падаруначак будзеш мець ад немцаў... Вермахт шчодры... Дваццаць жалезных... Якасць бранябойная... Раз — і няма!.. Толькі ж нікому ні-ні».
Раптам Ява тузануў мяне за рукаў: «Гайда! Хутчэй!» — і кінуўся да машыны. Я — за ім. Трэба паспець схавацца пад крэсламі, пакуль Галіна Сідараўна ў памяшканні.
Вядома, усе бачаць гэта і могуць выдаць нас, калі сумленне дазволіць.
Шух! Бы яшчаркі, шмыгнулі мы пад крэслы каля самай кабіны і прытаіліся.
Праз нейкі час пачулі голас Галіны Сідараўны:
— Што, пайшлі? Ну вось і добра, што зразумелі нарэшце. Гэта будзе навукай для ўсіх, хто ахвотнік зрываць урокі і парушаць дысцыпліну. Ну, паехалі.
Вучні з крыкамі пачалі рассаджвацца. І неўзабаве матор завёўся, машына рушыла. Ніхто нас не выдаў. Ёсць усё-такі ў людзей сумленне.
Калі вы хочаце адчуць, як адразу ўсё цела, з ног да галавы, рэагуе на ўдары, то паспрабуйце паехаць па выбоістай дарозе на аўтамашыне, лежачы ў кузаве пад крэсламі. Параўнаць гэта нельга ні з чым. Такое адчувае, магчыма, вось той «язычок» у школьным званку, калі баба Маруся калоціць ім на перапынак ці на ўрок.
«Раз — і няма!.. Якасць бранябойная... Вермахт шчодры!» — білася ў маёй галаве ў такт ударам.
Патыліцай аб сядзенне — ілбом аб кузаў...
Патыліцай аб сядзенне — ілбом аб кузаў...
«Раз — і няма!..
Якасць бранябойная!..
Вермахт шчодры!..»
І ўсё ж чым больш нас малаціла, чым больш шпурляла ўверх-уніз ды з боку ў бок, тым лягчэй рабілася ў нас на душы — бо ўсё далей ад'язджалі мы ад вёскі.
А гэта значыць, тым меней шанцаў, што нас выкрыюць і высадзяць з машыны. Мы толькі сціскалі зубы, каб не войкаць. Нарэшце калатнеча супакоілася і матор весела загурчаў, набіраючы хуткасць, — мы выехалі на асфальтаваную шасейку (гэта ўжо тры кіламетры ад вёскі). І адразу, нібыта завялася ад старцёра, зазвінела песня.
Яшчэ б! Ну дзе вы бачылі, каб людзі ехалі на машыне і не спявалі? Так не бывае. Калі дарога з шоргатам намотваецца на колы і сустрэчныя машыны толькі міма — гух! гух! гух! — песня сама вырываецца з грудзей.
В хору вылучаўся звонкі салаўіны голас Галіны Сідараўны.
Хіба вытрымаеш, калі ўсе спяваюць? І мы з Явам («А, усё роўна не пачуюць у такім хоры!») зацягнулі на ўсё горла.
Эх, хораша! Калі спяваеш разам з хорам, дык здаецца, што гэта дзякуючы табе так прыгожа і зладжана атрымліваецца.
І раптам... Мы так захапіліся, што нават не заўважылі таго моманту, калі ўсе перасталі спяваць. Як высветлілася потым, у той час машына праязджала пад вярбою, што звесіла над дарогай сваё вецце. Усе ў кузаве прыгнуліся, і песня на момант абарвалася. А мы ж былі пад крэсламі і не ведалі пра гэта... Мы цягнулі песню далей, як двое ягнят.