Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 9

Усевалад Нястайка

Бурміла: Каб я скрозь зямлю праваліўся! Што я — маленькі! Гэта ж такая справа...

Кныш: Ну, дык да заўтра!

І ўсё. Запанавала цішыня. Напэўна, Кныш і Бурміла выйшлі з хлява.

Мы пераглянуліся.

Не ведаю, якія былі ў мяне вочы. Але вочы ў Явы гарэлі і свяціліся, як у харта-сабакі. А што? Хацеў бы я паглядзець на вашы вочы, калі б вы пачулі такую размову.

— Га?! — разявіў я рот.

— Га?! — разявіў рот Ява.

Але мы больш не паспелі сказаць ні слова. Бо ў гэты момант пачуўся знаёмы залівісты голас школьнага званка. Мы так і скамянелі з адкрытымі ратамі. Захопленыя таямнічай размовай, мы зусім не заўважылі, што Сабакевіч некуды знік. І вось... На карачках, па-сабачы, мы хутка пашкрэбліся праз гушчар і высунулі з кустоў галовы.

Пад вокнамі школы, ганяючыся за куркай, гойсаў Сабакевіч. Матляючыся на яго шыі, весела заліваўся званок.

Мяркуючы, што гэта перапынак, з класаў гарохам пасыпалася дзятва. З вокнаў, здзіўлена пазіраючы на гадзіннікі, выглядвалі настаўнікі. На ганку з'явілася Галіна Сідараўна.

— Хуліганства! Парушэнне навучальнага працэсу, — закрычала яна.

З-за вугла выбегла баба Маруся. Заўважыўшы Сабакевіча, пляснула рукамі, кінулася за ім — адбіраць званок. Сабакевіч — наўцёкі. І куды ж вы думаеце — да нас, у кусты.

Мы з Явам імгненна развярнуліся назад і гэтак жа на карачках нырнулі ў гушчар да хлява. І калі Ява поўз нармальна, на чатырох, то я — на трох, як сабака з перабітай лапай: мне ж трэба было адной рукой падтрымліваць нагавіцы.

Мы прыціснуліся да сцяны хлява — далей уцякаць не было куды. Званок усё бліжэй, і вось ужо Сабакевіч з разгону ўткнуўся носам Яву ў шчаку. Што ж, ён быў невінаваты — у каго ж яму шукаць абароны, як не ў нас — сваіх сяброў і выратавальнікаў?

Праз хвіліну кусты над намі расхінуліся, і мы ўбачылі расчырванелую бабу Марусю.

— Ага! — пераможна ўсклікнула яна. — Вось хто гэта ўсё натварыў!

З-за галавы бабы Марусі з'явілася галава Галіны Сідараўны.

Галіна Сідараўна гаворыць металічным голасам, нібы секачом адсякае:

— Так!.. Зразумела!.. На экскурсію ў Кіеў заўтра яны не паедуць!

РАЗДЗЕЛ ІІІ. Прыгоды ў Кіеве. Нашы падазрэнні ўсё мацнеюць. Старшына Палянічка

Каля школы крыкі і мітусня. У двары стаіць грузавая аўтамашына, упрыгожаная кветкамі і сасновымі галінамі.

На машыне каля кабіны ўжо сядзяць у гурце самыя нецярплівыя вучні. Над імі, як гароднае пугала, узвышаецца даўгалыгі, нязграбны Бурміла. Расстаўляюць апошнія ўслончыкі, крэслы. Школьнікі ланцужком выстраіліся ад школьнага ганка да машыны і перадаюць адзін аднаму крэслы, якія выносіць на ганак Галіна Сідараўна. Усе ўзбуджаныя і вясёлыя. Яшчэ б — гэтую экскурсію ў Кіеў так доўга чакалі. Усе смяюцца, нават без дай прычыны. Усе, акрамя нас: мяне і Явы. Мы стаім каля ганка насупленыя. І як толькі ў дзвярах паказваецца Галіна Сідараўна з новым крэслам, мы адразу ж адкрываем раты і пачынаем:

— Мы ж не хацелі... Мы ненаўмысна, — гундосіць Ява.

— Мы больш не будзем... — гундошу я. Галіна Сідараўна спачатку не звяртае ўвагі, нібыта не чуе, моўчкі знікае ў дзвярах. Потым нарэшце гаворыць:

— Было б нават непедагагічна, каб я вас узяла.