Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 73

Усевалад Нястайка

— Ой! Навошта ж я так наелася! — у роспачы ўскрыкнула Аксана.

Усе засмяяліся.

— Нічога! Пакуль даедзем, утрусіцца, — супакоіў яе важаты. — Ну што ж, сябры, давайце збірацца!

Пачалася мітусня.

— О! А вы тут што робіце, басякі? — здзіўлена запытаў Бардадзім, заўважыўшы нас.

— У іх справа. Сакрэтная! — таямніча сказала Аксана.

— Што-о? — скрывіўся Бардадзім. — Справа? Якая справа? У гэтых? У гэтых жэўжыкаў? Гэта ж вядомыя ў вёсцы басякі. Мабыць, нешта ўжо прыдумалі, нейкае глупства. Акрамя глупстваў, ніякіх справаў у іх не бывае...

Ніхто нават не засмяяўся. Мабыць, усім было ніякавата, і ўсе маўчалі.

Мы стаялі чырвоныя, як два памідоры.

Мы хацелі праваліцца скрозь зямлю.

Эх! Калі б мы былі такія дужыя, як ты! Мы б табе паказалі! «Справаў! Справаў!» — гаварыць спачатку навучыся!

— І ніякія яны не басякі, а харошыя хлопцы! — адрэзала раптам Валька.

— Правільна! — падхапіў Ігар.

— Харошыя! Харошыя! Харошыя! — заверашчала Аксана.

— Толькі так! — крыкнуў Сашка-«штурман».

— Ну, няхай! Няхай! Няхай! — замахаў рукамі Бардадзім. — Вы — нашы госці, не будзем сварыцца. Паехалі хутчэй! Фарадзеевіч даўно чакае.

Нас абступілі Ігар, Валька, Сашка-«штурман» і іншыя піянеры:

— Да пабачэння!

— Бывайце!

— Бывайце здаровы!

Мы ўсім па чарзе паціскалі рукі. І тут Валька сказала:

— Шкада, што мы не даведаемся, як закончыцца ваша сакрэтная справа...

Яна так аб гэтым шчыра шкадавала, што Кукуруза зноў пачырванеў. І раптам у Вальчыных вачах успыхнулі агеньчыкі:

— А ведаеце што! А вы напішыце нам! Я вам пакіну адрас, а вы напішаце, добра?

— Напішыце!

— Вядома!

— Няхай напішуць абавязкова!

— Напішыце! Напішыце!

— Толькі так! — як адрэзаў Сашка-«штурман».

А Валька пісала ўжо на нейкай паперчыне адрас.

— На, — сказала яна, працягваючы паперку Кукурузе. — Толькі глядзі, не згубі!

Кукуруза нічога не сказаў — моўчкі засунуў паперку за пазуху.

Яны селі ў чоўны.

— Давайце заспяваем на развітанне песню! — прапанавала Валька. — Заводзь, Сашка!

І яны заспявалі.

Мы доўга стаялі на беразе. Іх даўно ўжо не было відна, а песня яшчэ далятала з-за чаратоў і расплывалася па ўсіх плаўнях. Песня была пра дружбу.

Кукуруза доўга ляжаў у траве на палянцы і моўчкі глядзеў у неба. Я таксама ляжаў і глядзеў. Неба — яно такое, што на яго можна глядзець і глядзець. Гадзінамі. Глядзець і думаць. Я не ведаю, пра што думаў Кукуруза, але я зусім не здзівіўся, калі ён раптам уздыхнуў і сказаў:

— Так, зараз тэхніка, яна не тое што... а наогул... вядома... Кажуць, у такім вось гузіку — прыёмнік, у партсігары — тэлевізар. А фотаапарат — дык зусім пад пазногаць схаваць можна...

— Што ж ты хочаш — на транзістарах, на паўправадніках, — сказаў я і пачырванеў.

Кукуруза ўздыхнуў і раптам мройліва сказаў:

— А здорава было б зрабіць нешта такое... на транзістарах. Цікавае і незвычайнае. Напрыклад, кіраванне каровай на адлегласці па радыё. Паміж рагамі нацягнута антэна. У вуха ўстаўлены маленькі прыёмнік (на транзістарах, вядома).