Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 71
Усевалад Нястайка
Цяпер я добра зразумеў, чаму ўсе так узрадаваліся, калі гатаваць абед выпала Сашку. Ён быў для ўсіх прызнаным кухарам.
Неўзабаве ўсе панаядаліся і палеглі на траве вакол вогнішча — адпачыць. Нехта замармытаў мелодыю, хтосьці падцягнуў, і песня вырасла, памацнела і паляцела над плёсам, ажно папрыгіналіся чараты...
Як было прыемна вось так ляжаць на траве тварам уверх, пазіраючы ў блакітнае бяздоннае неба, і хорам спяваць песню! Здавалася, уся зямля, увесь свет чуе яе.
Важаты ціхенька падняўся, пайшоў да чоўнаў і вярнуўся з акардэонам. Песня загучала яшчэ мацней і яшчэ больш зладжана.
Калі закончылі «Раве ды стогне Днепр шырокі», важаты сказаў:
— А цяпер нашу, піянерскую, — «Вейце агнямі». Пачынай, Саша.
— Толькі так, — адгукнуўся Сашка, пракашляўся і, пачакаўшы, калі акардэон закончыць уступ, заспяваў. Я ніколі б не падумаў, што ў яго такі чысты, звонкі і высокі голас. Вось табе і дзікаваты «штурман» Сашка: «Толькі так». Мала таго, што выдатны кухар, дык яшчэ і спявак!
Нават калі ўсе падхапілі песню, і тады быў чутны яго голас, які чайкай узлятаў над хваляй іншых галасоў у хоры.
Спявалі мы гадзіны паўтары, а то і болей. Якія толькі песні мы не спявалі! І народныя, і рэвалюцыйныя, і старыя камсамольскія, і сучасныя, і песні з кінафільмаў...
Потым Ігар сказаў:
— А цяпер, можа, няхай Валька патанцуе...
«Зараз будзе нос дзерці, а яе ўгаворваць», — падумаў я.
Але яна адразу ж згадзілася.
— Калі ласка, магу станцаваць.
Тут я заўважыў, што Кукуруза чамусьці пачырванеў і неспакойна завалтузіўся на месцы. Дарэчы, я яшчэ і раней, калі спявалі, заўважыў, што мой сябрук Кукуруза ўвесь час паглядваў на Вальку, а калі яна выпадкова падымала на яго вочы і іхнія позіркі сустракаліся, ён адразу ўтаропліваўся ў зямлю.
— Украінскі танец казачок! — аб'явіў важаты і заіграў на акардэоне.
Валька пачала танцаваць. І адбылася дзіўная змена. Нязграбная цыбатая Валька ўмомант ператварылася ў лёгкую птушку, кожны рух якой зліваўся з музыкай.
І цыбатыя ногі яе, вось гэтыя цыбатыя ногі, на якіх, здавалася, нельга нават устаяць (вось-вось упадзеш), гэтыя ногі, ледзь дакранаючыся да зямлі, нібыта ўвесь час былі ў паветры, у палёце — стройныя, моцныя і пругкія.
Каля майго вуха часта-часта, як натомлены, нібыта ён сам танцаваў, дыхаў Кукуруза. А калі Валька закончыла танец і ўсе пачалі апладзіраваць, ён не стаў апладзіраваць, а, сустрэўшыся са мною позіркам, чамусьці нахмурыўся і адвярнуўся.
Потым Аксана чытала вершы Маякоўскага. Добра чытала, толькі вельмі крычала — пэўна, ажно ў вёсцы чутно было.
А потым пачалі купацца. Ігар плаваў кролем, Сашка-«штурман» брасам, ды і Валька нядрэнна плавала (праўда, па-дзявочаму, задраўшы галаву і фыркаючы, як кацяня). Але скакаць у ваду з вярбы ніхто не ўмеў. І вось тут мой сябар Кукуруза паказаў, што такое васюкоўскія хлопцы. Уздзёрся на саменькую вершаліну, разгайдаўся, як малпа, на галіне і я-ак скокнуў — амаль хвіліну ляцеў і амаль на сярэдзіну плёса заляцеў. Усе толькі ахнулі. А важаты сказаў: