Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 70
Усевалад Нястайка
Аблічча Кукурузы быццам апарылі. Уся кроў, якая толькі была ў ягоным арганізме, кінулася ў твар.
— Можна падумаць, што я не знаю, — сярдзіта буркнуў ён. — Цудоўна знаю гэты вядомы балет. А пра нашае возера я проста так сказаў. Для інтарэсу... Для смеху...
Я адвярнуўся. Не магу я глядзець чалавеку ў вочы, калі той маніць. А Кукуруза зараз хлусіў адчайна. Нічога ён не ведаў, ніякага «Лебядзінага возера». Бо слых у яго вельмі-вельмі дрэнны. Спяваць ён мог толькі са мною. Падцягваць. Я злаваў на Вальку, якая прымусіла майго сябра так ілгаць. І наогул, навошта яна прыехала да нас?
І раптам, нібыта падслухаўшы мае думкі, Валька рэзкім рухам выключыла прыёмнік і сказала:
— Вы на мяне сярдуеце, хлопцы, так? Што я прычапілася, так?.. Дык я зараз пайду. Вы не сярдуйце. Проста мне хацелася пазнаёміцца з вамі.
І так проста яна гэта сказала, што мне зрабілася ніякавата. І ні я, ні Кукуруза не знайшлі, што адказаць.
Валька паднялася, усунула Кукурузе ў рукі прыёмнік і пабегла да вогнішча.
— Дзівачка нейкая. Праўда? — паціснуўшы плячамі, ніякавата прамовіў Кукуруза.
— Яна харошы хлопец, — неспадзявана пачырванеўшы, сказаў Ігар. — У нас з ёй усе сябруюць. А чаго ты не ўключаеш прыёмнік? Ты ўключай, не саромейся. Я нядаўна памяняў батарэйку.
Я ўважліва глянуў на яго і зразумеў, што ён наўмысна мяняе тэму гаворкі, што болей пра Вальку гаварыць не варта. Я яго добра разумеў. Мне таксама было б непрыемна, калі б нехта пачаў гаварыць пра Грабянючку.
Не знаю, колькі мы прасядзелі на беразе, каля пянька, але неўзабаве ад вогнішча даляцеў голас важатага:
— Ігар, хлопцы, ідзіце хутчэй! Юшка гатова!
— Пайшлі, — сказаў Ігар.
Як раніцаю выпіў я шклянку малака, дык больш і крошкі ў роце не было — быў я цяпер галодны, як арыштант. І гэтая прапанова мне, вядома, вельмі спадабалася. Думаю, што Кукуруза хацеў есці не менш за мяне, таму што пасля ўсіх начных перапалохаў зусім не снедаў.
Але неспадзявана ён сказаў Ігару:
— Ты ідзі, а мы тут пасядзім. Мы якраз перад вашым прыездам добра паснедалі.
Я залыпаў вачамі і разявіў рот, але прамаўчаў.
— Ды не выдумляйце, хлопцы, хадзем! Такой юшкі вы зроду не елі, — угаворваў Ігар.
Кукуруза ўпарта адмаўляўся. Нарэшце Ігар махнуў рукою:
— Ды ну вас! Пачакайце, я зараз важатаму скажу! — і пабег да вогнішча.
Але праз хвіліну замест важатага прыбегла цыбатая Валька. І адразу накінулася на нас:
— Гэта што такое? Ану, марш есці юшку! Калі б вы мяне запрашалі, я хіба адмовілася б? Я б адмовілася, калі б вы мяне запрашалі?! Ану, хутчэй!
І, на маю радасць, Кукуруза, які так упарціўся перад Ігарам, раптам адразу зніякавеў і пакорліва паплёўся за дзяўчынай. І мне зноў чамусьці ўспомнілася Грабянючка...
Не ведаю, ці гэта, можа, я проста быў вельмі галодны, ці сапраўды юшка была смачная, але я такой зроду не еў. А я ж разбіраўся ў юшцы. У нашым сяле ўсе ўмелі яе варыць, ды і сам я колькі разоў варыў. Але гэтая проста аж дых забівала — такая смачная. Усе прыцмоквалі і хвалілі Сашку-«штурмана». А ён сядзеў каля сагана з чарпаком у руках і, насуплены, як заўсёды, уважліва сачыў, каму даць дабаўкі.