Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 69

Усевалад Нястайка

— Дай паглядзець... Прыёмнік... Можна?

Ігар адразу адклаў убок сцізорык і палачку.

— А чаго ж... Вядома. Калі ласка.

Ён адкрыў футарал.

— Вось настройка, вось дыяпазоны, гэта гучнасць — паказаў, дзе што круціць. Кукуруза схіліўся над прыёмнікам. Засоп.

І я свой нос усунуў. Кукуруза адпіхнуў мяне локцем.

— Не хукай туды. Запацее і сапсуецца.

Ігар усміхнуўся.

— Ды нічога. Ад гэтага не сапсуецца.

Доўга Кукуруза круціў ручкі, і мы моўчкі, затаіўшы дыханне, слухалі галасы далёкіх краін.

— Та-ак... Каштоўная рэч, — сказаў нарэшце Кукуруза і дабавіў: — Ну, па фізіцы ў цябе, вядома, пяцёрка?

— Пяцёрка, — проста і без ганарлівасці адказаў Ігар.

— А двойкі калі-небудзь ты хапаў? — з надзеяй запытаў Кукуруза. — Хоць па паводзінах, хоць бы па спевах? Ці круглы выдатнік?

— Выдатнік, — з прабачэннем у голасе сказаў Ігар. — Усе нашыя юннаты выдатнікі. Такая ўмова.

Кукуруза ціха ўздыхнуў.

У гэты момант з кустоў выглянула Валька. Відаць, дзяўчаты ўжо закончылі чысціць рыбу. Я яе бачыў, а Ігар, які сядзеў да кустоў спіною, не. Валька ціхенька падкралася да яго, і я не паспеў нават раскрыць рот, як яна моцна штурхнула яго з пянька. Ігар нічога не падазраваў і, вядома, паляцеў потырч.

— Дамам трэба заўсёды даваць месца, — сказала Валька, сядаючы на пянёк.

Ігар, устаючы і абцярушваючыся, толькі ўсміхнуўся ў адказ.

Мы з Кукурузай здзіўлена пераглянуліся.

Вось дык справа! Талковага хлопца — фізкультурніка, які змайстраваў во які прыёмнік, цыбатае дзяўчо штурхае сабе так, быццам гэта не хлопец, а нейкая мэбля.

І ён толькі ўсміхаецца...

Калі б, напрыклад, са мной такое зрабіла ну хоць бы тая ж Грабянючка, я ёй так даў бы, так даў бы, што яна б доўга памятала.

Але што гэта з Кукурузай?!

— Ану, дай мне, — нахабна гаворыць Валька і працягвае руку да прыёмніка, які трымае Кукуруза. І Кукуруза, цяля, спакойненька аддае прыёмнік. Цьфу, дурны! Што гэта — яе прыёмнік, ці што?! Чаго яна распараджаецца! Бач, якая разумная!

Аднак усе гэтыя выкрыкі, вядома бязгучна, праносяцца толькі ў маёй галаве. Я маўчу. Гэта ж не мой прыёмнік, і не ў мяне яго адбіраюць.

Валька пачала настройваць прыёмнік, па-птушынаму нахіліўшы галаву набок і пазіраючы ў неба. Натрапіла на нейкую цягучую мелодыю і раптам радасна ўскрыкнула:

— О! О!

Мы перапалохана глянулі на яе — што такое?

Мройна гледзячы на плёс і ўважліва слухаючы музыку, яна ціха сказала:

— «Лебядзінае возера»... Адажыо...

Я скрывіўся. Цьфу, задавака! Такое гаворыць, што й не ўцяміш!

А Кукуруза напусціў на сябе сур'ёзнасць і, насупіўшы бровы, кажа:

— Не, гэтае возера хутчэй не Лебядзінае, а Качынае, бо лебедзі ў нас не водзяцца. Затое качак — як той раскі.

Валька раптам як зарагоча:

— Ой, трымайце мяне! Ой, не магу! От дзівак! Я ж не пра гэтае возера, а пра музыку. «Лебядзінае возера». Балет кампазітара Чайкоўскага. Якраз цяпер вось перадаюць.