Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 68
Усевалад Нястайка
— От дзівак, не верыць. Ну, як хочаш.
З кустоў выйшаў важаты.
— Пра што гэта вы, хлопцы, спрачаецеся?
— Ды нічога, проста так, — махнуў рукой Кукуруза, але потым, глянуўшы знізу на важатага, запытаў яхідна: — Дзядзька, а ў вас усе піянеры такія во... ці адзін толькі?
— А што такое?
— Проста ён гаворыць, што сам гэты прыёмнік зрабіў. Можа, тая ваша худая сама аўтамабіль зрабіла, а той «штурман» — у космас лятаў?
— Адносна аўтамабіля і космасу не скажу, а вось прыёмнік ён сапраўды сам зрабіў. Гэта праўда. Ён у нас малайчына. У радыёгуртку ўжо трэці год. Акадэмікам будзе.
Важаты гаварыў сур'ёзна, без жартаў. Не верыць яму было немагчыма. Кукуруза адразу скіс — насмешлівыя агеньчыкі ў вачах патухлі, куточкі вуснаў апусціліся.
Я таксама здзівіўся. Мне чамусьці заўсёды здавалася, што ўсе гэтыя разумненькія вучні, якія майструюць дзеючыя мадэлі атамных ледаходаў і самалётаў, абавязкова павінны быць хударлявымі, заморанымі, у акулярах. І абавязкова дзікаватымі. А тут перад намі стаяў звычайны канапаты хлопец — мускулісты, загарэлы, відаць, фізкультурнік. Неяк ён больш уяўляўся на спартыўнай пляцоўцы, сярод гаманлівай ватагі расхрыстаных хлопцаў, а не паглыбленым у пераблытаныя цельбухі радыёпрыёмніка.
Мы маўчалі, разгубленыя, збітыя з панталыку.
Важаты ўважліва паглядзеў на нас і наўмысна сярдзітым голасам сказаў:
— Ну што вы, браткі, разгульваеце тут, а ламачча не несяце. Людзі ж галодныя! Ану, хутчэй!
Гэта адразу вывела нас са здранцвення. Мы кінуліся збіраць ламачча. І праз хвіліну цягнулі ўжо цэлыя абярэмкі. Асабліва стараўся Кукуруза. Ён столькі цягнуў, што я баяўся, каб у яго пуп не развязаўся.
Цыбатая Валька, убачыўшы, войкнула ад захаплення:
— Ого-го!
І я не ведаю, ад чаго быў такім чырвоным Кукуруза, ці ад напружання, ці ад гэтага «ого-го». Ён наогул вельмі часта паглядваў на гэтую Вальку. Знайшоў на каго глядзець. Страшыдла нейкае! Лупатае, цыбатае! Цьфу!
Горшая за Грабянючку ў сто разоў!
Усе стаялі вакол і здзіўляліся, як спрытна распальвае Ігар вогнішча. Бач ты, гарадскі, а ўмее...
Неўзабаве пасярод паляны ўжо лізала неба вялізнае полымя.
— Ну, а чыя сёння чарга варыць?
— Сашкі! — радасна выкрыкнула цыбатая Валька.
— Сашкі! Сашкі! Правільна! — закрычалі з усіх бакоў, і ўсе паглядзелі на «штурмана».
— Твая? — запытаў важаты.
— Толькі так, — адказаў той.
— Значыць, нам сёння шанцуе, — усміхнуўся важаты.
— Шанцуе! Шанцуе! Юшку! Сашачка, абавязкова юшку! Юшку! — зліліся ў адзін дзесяткі крыкаў.
— Толькі так! — упершыню за ўвесь час усміхнуўся, заківаў галавою Сашка.
Цяпер, калі ўсе стаялі вакол вогнішча, было асабліва добра відна, што Сашка вельмі маленькі, меншы за іншых. Можа, таму ён і трымаўся так сур'ёзна, каб здавацца больш салідным. Але было прыкметна і тое, што яго ўсе любяць і калі нават смяюцца з ягонага «толькі так», дык зусім не абразліва, а хутчэй лагодна.
Сашка забегаў, рыхтуючы ежу. Дзяўчаткі дапамагалі яму, абіралі бульбу, чысцілі рыбу, якую дасталі з сеткі, прывязанай да кармы аднаго з чоўнаў і апушчанай у ваду. Іншыя піянеры разышліся па востраве. Неяк само сабой атрымалася, што мы апынуліся каля Ігара. Ігар сядзеў на пяньку і стругаў сцізорыкам кіёчак. Мы з Кукурузай сядзелі каля пянька, уткнуўшыся падбародкамі ў калені, і задумліва калупаліся ў зямлі. Потым Кукуруза кхыкнуў і, насупіўшыся (каб прыхаваць ніякаватасць), сказаў хрыпла: