Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 66
Усевалад Нястайка
Мы хутка ўзлезлі на старую вярбу, пад якой стаяў будан. Гэта было самае высокае дрэва на востраве. І тады ўбачылі — на плёс выплывалі белыя, як лебедзі, лодкі. У лодках сядзелі піянеры — у белых майках, белых панамках, з чырвонымі гальштукамі.
У першай лодцы стаяў на поўны рост стройны высокі юнак у белых штанах, без майкі, але таксама з чырвоным гальштукам. Гэта быў, мабыць, важаты. Пад бронзавай скурай выпіналіся магутныя мускулы. Здавалася, гэты юнак — проста з фізкультурнага плаката «Рыхтуйся да значка ГПА!».
Ды вось песня закончылася, і важаты гучна сказаў:
— Сябры, прапаную на гэтым востраве зрабіць прыпынак! Як вы думаеце, таварыш штурман? — нахіліўся ён да маленькага галавастага хлопца з насупленымі бровамі, які сядзеў на карме.
— Толькі так, — вельмі сур'ёзна адказаў хлопец. Усе чамусьці засмяяліся.
— Тады трымайце курс на востраў, штурман! — у тон яму сказаў важаты.
— Толькі так! — паўтарыў хлопец, і зноў усе засмяяліся. Але хлопец не звярнуў на гэта ўвагі. Хоць бы хны!
Адна за адной лодкі падплывалі да берага. І адразу востраў ператварыўся ў піянерскі лагер: смех, крыкі, бегатня. Хто гуляў у мячык, хто плёхаўся ў вадзе, хто лавіў сачком матылькоў. Сярод піянераў мы пазналі некалькі васюкоўскіх юннатаў, але яны былі не з нашай вуліцы, мы іх дрэнна ведалі. Мы сядзелі на дрэве, не ведаючы, што нам рабіць — ці паказвацца, ці не. Але доўга раздумваць нам не давялося. Нейкая цыбатая дзяўчынка падбегла да будана і крыкнула:
— О! Глядзіце! Тут нехта жыве!
Усе збегліся да яе. Падышоў і важаты. Смуглявы шустры хлопец з фотаапаратам на плячы шмыгнуў у будан і адразу ж выскачыў, трымаючы ў руках электрычны ліхтарык.
— Ліхтарык! — паясніў ён. — Механічны. Дае святло толькі тады, калі націскаеш на гэтую ручку.
І пачаў чвыркаць, паказваючы. Кукуруза неспакойна заёрзаў на галіне.
Цыбатая дзяўчынка таксама шмыгнула ў будан і выцягнула адтуль стрэльбу.
— Паглядзіце, сапраўдная, паляўнічая...
— Ой, асцярожна, яна, можа, зараджаная! Яшчэ стрэльне, — войкнуў нехта з дзяўчат.
Тут Кукуруза ўжо не вытрымаў:
— Ану, не чапай!
Усе адразу паднялі галовы. Хавацца ўжо не трэба было. Мы злезлі з дрэва. І адразу ж нас акружылі піянеры.
— Хто вы?
— Што вы тут робіце?
— Гэта ваш будан?
— І ружжо ваша?
— Вы паляўнічыя?
— Вы тут жывяце?
Я разгублена паглядзеў на Кукурузу.
Ён насупіўся і маўчаў.
— Ды яны, пэўна, проста рыбу ловяць тут. Гэта нашыя, з Васюкоўкі, — сказала васюкоўская юннатка, здаецца, з восьмага класа.
— Ці з дому ўцяклі, — дадала другая (мы пра яе ведалі толькі тое, што яна вельмі злая і дачка калгаснага бухгалтара).
— Ці ў індзейцаў гуляюць. Як «Маленькія дзікуны» Сетана-Томпсана. Памятаеце? — улезла цыбатая.
— Ці ў Рабінзонаў... Праўда ж? — сказаў важаты.
Я, зусім аглушаны, глянуў на Кукурузу. Мой сябар густа-густа пачырванеў. І раптам сказаў:
— Ні ў што мы не гуляем. У нас тут справа ёсць... А вы хто такія?
— А мы з Кіева. Юннаты мы, — засакатала вастраносенькая дзяўчынка ў акулярах.
— Прыехалі сёння, — перабіла яе цыбатая.
— От, Валька, не перабівай! Дай я скажу! — зноў засакатала вастраносенькая. — Сёння прыехалі. Прыехалі сёння. Так... Пачулі, што ў вас глабулус вырошчваюць, і вось прыехалі. Наш кіраўнік прафесар Дудка гаворыць, што... Вы ведаеце прафесара Дудку? О, гэта на ўвесь свет знакамітасць. Гаворыць, што ваш глабулус незвычайны! Яны прыедуць заўтра — і прафесар, і карэспандэнт з «Зоркі». А мы сёння прыехалі. Прафесар і карэспандэнт таксама сёння прыехалі б, але ў прафесара сягоння тэрміновы вучоны савет у акадэміі. Неспадзявана. А ў нас ужо білеты былі. Вось мы і прыехалі. А вашы не хочуць нам паказваць глабулус без прафесара. Кажуць: «Заўтра». Ну, мы разумеем — людзі столькі стараліся. Ім хочацца, каб урачыста... Мы разумеем... А ў вас якая справа? Якая? Га?