Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 65
Усевалад Нястайка
Але што сёння ноччу Кныш будзе рабіць на Высокім востраве?! Нават Бурміла яго адгаворваў. Пэўна ж, не ў цуркі-палкі гуляць!
— А можа, ён хоча глабулус украсці і за мяжу перадаць? — кажа Кукуруза.
— А ён хіба сакрэтны?
— А што ты думаеш, можа, і сакрэтны. Ва ўсякім выпадку, акрамя глабулуса, на гэтым востраве няма што красці. Не жаб жа.
Няўжо глабулус?
І раптам я ўспомніў.
Гэта было месяца паўтара таму. Я паехаў з мамай на рынак. Яна папрасіла дапамагчы падвезці ёй кошыкі.
Рынак у нас у райцэнтры, дванаццаць кіламетраў ад вёскі. Раней туды на чоўнах ездзілі. А цяпер часцей на роварах. Хутчэй.
Паехалі мы. Мама на «Украіне», я на сваім «Арлёнку». Не люблю я рынкаў, ды што ж зробіш.
Адвёз я кошыкі, збіраюся назад ехаць. І тут бачу — Кнышыха. Гандлюе там, дзе прадаюць насенне, сухія травы ды розныя «спецыі». На скрыні, за якой яна стаіць, прыклеены партрэт касманаўта Паповіча.
Спрактыкаваным рыначным голасам Кнышыха выкрыквае:
— А каму лябулі? А каму лябулі? Дваццаць капеек пучок! Каму лябуля? Чыстая лябуля! Сто працэнтаў вітамінаў. Усе вітаміны! А! Б! В! Г! Д! Больш нідзе не купіце! Наваліся, у каго грошы завяліся.
Яе абкружылі пакупцы. Гандаль ідзе поўным ходам.
— У чаёк заварыць, — паясняе Кнышыха нейкай маладзіцы. — Ад злога вока памагае... Ад прыстрэку... Ад... — шэпча нешта маладзіцы на вуха.
— Ну?! — радасна-здзіўлена кажа маладзіца. — Дайце тры пучкі.
— Саступілі б трохі, цётка... Дорага, — дакарае каторая.
— Дорага — міла, дзяшова — гніла, мая даражэнькая. Не магу меней, — і Кнышыха зноў убівае нешта ў галаву нейкай дачніцы. — Можна і ў боршч... Смаката! Бярыце, дама, не пашкадуеце. Мужык вам ногі будзе цалаваць!
І зноў заводзіць сваё:
— Ану — водарасць! Лекавая водарасць для ўсяго! Смачная прыправа для халоднага і гарачага. Можна ў гарбату. Можна ў гарэлку. Можна сушыць. Можна варыць. Можна ў далёкую дарогу. Ежа касманаўтаў! — тыцнула пальцам у партрэт касманаўта Паповіча. — Трыццаць капеек пучок. Украінскі жэньшэнь.
Пакупцы ўсміхаюцца, але бяруць.
Прыгледзеўся я, чым яна гандлюе. Гэта былі пучочкі нейкай сушанай травы, а, можа, водарасці сапраўды. Але тое, што гэта не глабулус, і сумнення не было. Глабулус жа, як гаварыў Фарадзеевіч, — мікраскапічная аднаклеткавая водарасць і такі выгляд мець не магла.
Расказаў я тады пра ўсё гэта Яву, здзівіліся мы рыначнаму таленту Кнышыхі («Вось людзей абдурвае, змяя!»), а потым забылі. Чым толькі не гандлююць на тых рынках!
— Так ці іначай, — сказаў рашуча Кукуруза, — ты як хочаш, а я сёння ноччу...
Кукуруза не дагаварыў. Раптам з плёса даляцела звонкая песня:
РАЗДЗЕЛ XVII. Неспадзяваныя Ігар, Валька і іншыя
Галасы былі бадзёрыя, піянерскія. Здавалася, што проста па вадзе і балоце крочыць праз чараты вясёлы піянерскі атрад. Мы здзіўлена пераглянуліся — што такое? Потым ірвануліся з месца і пабеглі на бераг — туды, адкуль было відаць. Але нічога не ўбачылі. Перашкаджаў чарот.