Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 56
Усевалад Нястайка
Цяпер нават калі б ён і захацеў вярнуцца дадому, то не змог бы гэта зрабіць сам, без старонняй дапамогі. Бо ў яго не было чоўна. А без чоўна з нашых плаўняў выбрацца немагчыма — утопішся, як сляпое кацяня.
Я прапанаваў, каб ён пакінуў сабе наш «падводны», але ён катэгарычна адмовіўся.
— Гэта несур'ёзна, — сказаў ён. — Гэта была б нібыта нейкая прагулянка: надакучыла — вярнуўся. Калі б у Рабінзона быў транспарт — чорта з два ён сядзеў бы так доўга на востраве! Не, трэба па-сапраўднаму. Ніякіх чоўнаў, ніякай магчымасці вярнуцца.
Мужным чалавекам быў Рабінзон Кукуруза.
РАЗДЗЕЛ XIV. Першы дзень на бязлюдным востраве. Раздзел, расказаны Рабінзонам Кукурузай свайму сябру і аднакласніку Паўлушу
Дык вось, як адштурхнуўся ты ад берага і адплыў, знік за чаратамі, толькі бурбалкі пасля чоўна на вадзе засталіся, то такая цішыня раптам наступіла — ніколі я такой цішыні не чуў (нават тады, калі мне вушы пасля аднаго стрэлу з бярданкі залажыла). Стаю я і не дыхаю, як скамянеў. Ціха-ціха... І толькі неба, здаецца, звініць, — нібы мяне вялізнай блакітнай міскай накрылі. І пад той міскай адзін, як мышаня пад сітам, і нікуды не дзенешся.
Стаю я і, што рабіць, не ведаю. І спяшацца мне не трэба, і рабіць няма чаго. Хоць стой, хоць цераз галаву куляйся — усё роўна. Ніхто не бачыць, нікому да гэтага справы няма.
Не па сабе мне было. І галоўнае, думка гняла, што самастойна адсюль я не выберуся. Хоць крычы, хоць галавой аб дрэва біся — нічога не дапаможа. Я не ведаю, што і рабіў бы, калі б раптам не адчуў, што есці хачу. Ты памятаеш, я так хваляваўся і спяшаўся, што дома нават добра не паснедаў. Гэта адразу мяне астудзіла. Вырашыў налавіць рыбы. Выбраў мясцінку добрую, разматаў вудачкі, нажывіў, закінуў. Чакаю. Сяджу, на паплаўкі гляджу і чакаю. Чакаю, чакаю, чакаю... Паплаўкі — ані дрыгнуць! Не клюе. Я ўжо і на чарвякоў пляваў, і мяняў іх, і з месца на месца пераходзіў — няма клёву, і ўсё тут. А голад мяне ўсё мацней дапякае. Сяджу я, сліну каўтаю і шапчу: «Клюйце, рыбкі! Клюйце, калі ласка! Я ж есці хачу». А паплаўкі, як цвікі з дошкі, тырчаць сабе з вады, і ўсё. Няма рыбы. Плавае мой сняданак пад вадою, і ніяк яго не дастаць. Нервуюся я, раз-пораз вудачкі выцягваю, але толькі з аднымі чарвякамі. Хоць ты гэтыя чарвякі еш. Цьфу!
Сам разумею, што час не падыходзіць для клёву, ведаю ж добра, што клюе ці на світанні, ці надвячоркам, але ад гэтага лягчэй не робіцца. Не чакаць жа да вечара — жывот падцягне, зусім змарнею. Кончылася тым, што я зачапіўся кручком за корч. Прапаў кручок — адзін з лепшых, які ты мне падараваў. Раззлаваўся я, плюнуў і пайшоў да торбы з харчам — не мог болей вытрымаць. Як дапаў — палавіну торбы ўмалоў. Наеўся, як дурны мыла. Лёг на зямлю, драмаць пачаў і непрыкметна заснуў. Доўга, мабыць, спаў, прачнуўся, адчуваючы, што пячэ. Сонца смажыцца на небе, як яешня на скаварадзе. Мац-мац — шчокі агнём гараць. Апёкся я на сонцы. Пайшоў памыўся — пячэ. Мокрай зямлі наляпіў — пячэ. Успомніў — смятанай або кіслым малаком трэба. Ды дзе ж яе возьмеш — смятану! Вось калі я адчуў, што бязлюдны востраў — гэта бязлюдны востраў, а не наш калгас «Светлая зара», дзе смятаны цэлыя стаўкі. А мне б зараз толькі лыжку альбо хоць бы паўлыжкі. Ох і пячэ! Залез я ў будан. Цёмна, халадок. Паляжаў трошкі, бо хоць і пячэ, а жыць жа трэба. Нельга ж дваццаць восем гадоў у будане праляжаць. Вылез я, узяў сякеру, сцізорык твой і пайшоў выразаць тапарышча.