Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 55
Усевалад Нястайка
Я яшчэ раз уздыхнуў, палез у другую кішэню і выцягнуў карабок ад запалак. Там ляжаць кручкі для вудачак, якія падараваў мне бацька. Цудоўныя кручкі! Цэлае багацце для рыбалкі. І маленькія — на чырванапёрак, плотак і карасёў, і большанькія — на яршоў, акунёў і ляшчоў, і вялікія — на шчупакоў, лінкоў, і зусім вялікія — трайчастыя — на самоў ды іншае рыбінае звяр'ё.
— Лаві, — кажу, — на здароўе. Рыбай ты цяпер забяспечаны. Але знаеш, калі я да цябе як-небудзь прыеду, то і мне дасі палавіць. Добра? Вельмі прывык я да гэтых кручкоў.
Чаму я так сказаў — не ведаю. Я ж яшчэ ні разу імі не лавіў. Мабыць, усё ж такі вельмі мне іх шкада. Нават больш, чым сцізорыка. Кукуруза адчуў гэта:
— Ды навошта. Не трэба. У мяне ж ёсць.
Але не мог адарваць ад карабка захопленых вачэй. Хіба стане чалавек адмаўляцца ад такога падарунка? Не, не патрэбны мне кручкі. Кукуруза ж застаецца на бязлюдным востраве адзін, як той зуб у роце дзеда Салівона. І ніхто яго болей не ўбачыць. Нават ліст яму не напішаш. А як жа, нельга. У яго ж няма адрасу. Ва ўсіх людзей на свеце ёсць адрасы, а ў яго няма. Гэтая нечаканая думка вельмі мяне расхвалявала.
— Слухай, — кажу, — так нельга. Выходзіць, у цябе цяпер няма адрасу.
— Ну дык што?
— Як — «ну дык што»? Адрасу няма, разумееш! Атрымліваецца, што ты наогул на свеце не жывеш.
— А што я магу зрабіць? — разгубіўся Кукуруза.
— Трэба неадкладна неяк назваць востраў. Будзе назва, тады і адрас будзе.
— Давай. А я што — супраць? Толькі як?
— Хіба я ведаю? Астравы па-рознаму называюцца. Востраў імя Ўрангеля, востраў Мадагаскар, востраў Таймыр. Не, гэта, здаецца, паўвостраў. Ну, як-небудзь так.
— Ну, няхай будзе востраў Мадагаскар. Прыгожая назва. Мне падабаецца.
— Ды ўжо ж ёсць Мадагаскар. Патрэбна назва невядомая.
Кукуруза задумаўся. Доўга варушыў вуснамі, мабыць, перабіраючы ў памяці назвы. Потым сказаў:
— А ведаеш што — няхай будзе імя Пераэкзаменоўкі. Пераэкзаменоўка мяне сюды прывяла. Такой назвы яшчэ няма — ручаюся.
Я не стаў спрачацца. Так на карце свету (хаця пра гэта яшчэ ніхто не ведаў) з'явілася новая геаграфічная назва — востраў Пераэкзаменоўкі. Хто ведае, можа, калі-небудзь школьнікі будуць нават вучыць пра гэта на ўроку. «Востраў Пераэкзаменоўкі. Вядомы тым, што на ім правёў у самоце амаль трыццаць год вучань пятага класа Рабінзон Кукуруза». І нейкі целяпень атрымае двойку за тое, што не будзе пра гэта ведаць.
— Не дрэйфі, Рабінзон, усё будзе добра, — бадзёра сказаў я. — На такім востраве не тое што дваццаць восем — сто гадоў пражыць можна. Абы рыба клявала.
— Я таксама так думаю.
— Ну, бывай!
— Бывай.
Я кінуў у човен Сабакевіча і сеў сам. Кукуруза раптам уздыхнуў і ціха сказаў:
— Ты прабач мяне, Паўлуша, што я ў мінулым годзе цябе пры ўсіх у лужыну штурхнуў. Прабач.
Я таксама ўздыхнуў і ціха сказаў:
— А ты прабач, што я тады, памятаеш, тваю шапку на вярбу закінуў. І наогул, прабач, калі што не так.
— Бывай! — сказаў Кукуруза.
— Бывай! — сказаў я і нарэшце адпіхнуўся ад берага.
Апошняя сувязь Рабінзона Кукурузы з людзьмі перарвалася. Ён застаўся адзін на бязлюдным востраве.