Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 43
Усевалад Нястайка
— А ты патрэніруйся падаць. Як толькі што-якое — адразу падай. Нібыта табе дрэнна.
— Мне й так будзе дрэнна. Без «нібыта». Не хвалюйся.
Што й казаць, спачуваў я свайму таварышу ўсім сэрцам, усёй душою, але дапамагчы нічым не мог. Заставалася толькі спадзявацца на лёс ці на шчаслівы выпадак. Можа, абыдзецца...
І вось Явавы бацькі прыехалі. Радаснага гоману і мітусні — поўны двор. Фортка толькі рып-рып! Дзверы не зачыняюцца. Сваякі, суседзі, знаёмыя... Яшчэ б! З-за мяжы прыехалі! Цікава ж! А што? А як? А дзе? А калі? А якое? А па чым?
У садку цэлы дзень стол стаяў з прысмакамі ды розным пітвом: адны выходзілі, другія сядалі.
І падарункаў Явавы бацькі навезлі ледзь не ўсёй вёсцы. Падарункі ў большасці выпадкаў дробненькія, як гузікі, — сувеніры называюцца. Але што вы хочаце: калі б столькі вялікіх падарункаў — на двух вазах змясціліся б.
І я падарунак атрымаў. Нам з Явам абодвум падарылі па пісталету! Па чэшскаму замежнаму пісталету, які страляе вадой. І як страляе. Націскаеш на курок, і ён тоненька-тоненька цвыркае метраў на дзесяць. Магутна! Вось гэта пісталет дык пісталет! Сіла!
Праз пятнаццаць хвілін пасля таго, як нам падаравалі пісталеты, мы ледзь іх не страцілі назаўсёды.
Ну, вы ж разумееце, было б смешна, калі б мы адразу пачалі страляць. Навошта тады пісталеты?
Дык вось мы адразу...
Сабаку на мушку — цвірк!
— Гаў-гаў-гаў!
Сабака хвост падціснуў і ў будку.
Мурка рудая сядзіць на сонцы, мыецца. Цвірк!
— Ммяў! — і мурка ўжо на яблыні.
Чубатка грабецца.
Цвірк!
— Ко-ко-ко-ко-ко! — няма чубаткі — недзе ў гародзе.
А тут ідзе дзед Салівон.
Ну, выпадкова ж, чэснае слова, выпадкова курок націснуўся.
Цвірк! Дзеду Салівону проста па лысіне.
— А каб вы ляснулі, разбойнікі! Я вам пацвіркаю! Я вам... Я вам...
Праз некалькі хвілін мы паціралі свае чырвоныя вушы далёка ад хаты.
Пісталеты аддалі нам з адной умовай — страляць толькі па нежывых прадметах.
Але ж настраляліся мы, ажно абрыдла.
А што ўжо нам хлопцы папазайздросцілі — і не кажыце!
Толькі і чулася:
— Дай паглядзець!
— Дай хоць глянуць!
— Дай патрымаць!
— Можа, я стрэльну?
— Можа, я паспрабую?
— А я? А я?
— Ох ты!
— Ох і б'е!
— Сіла!
Скажам шчыра, мы неахвотна давалі не тое што стрэльнуць, але нават і патрымаць.
Можна аддаць новыя штаны, чаравікі, сарочку зняць, усё, што хочаце, але выпусціць з рук пісталет у першы дзень — не хопіць сіл. Як жа яго аддасі, калі сам яшчэ не настраляўся!
Але папастралялі мы — дык папастралялі! Добранька! Ужо ж і адпомсціў я за ўсе пакуты, якія мне давялося перажыць, быўшы «шпіёнам», «разбойнікам», «беляком» і наогул «ворагам».
Мы нейкую хвіліну сумняваліся, успомніўшы ўмову страляць толькі па нежывых мішэнях. Але потым вырашылі, што і Сцёпа Карафолька, і Антосік Мацыеўскі, і Грышка Сала, і нават Вася Дзяркач па характарах поўнасцю адносяцца да «нежывых мішэняў».
Праз гадзіну ўсе былі мокрыя, хоць выкручвай.
Спачатку яны адносіліся да ўсяго раўнадушна, нават падбухторвалі.
— Ану! Ану, пацэль на такой адлегласці. І не пацэліш, не пацэліш! Ану!
А потым, калі мы сталі добра цаляць, пачалі злавацца: