Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 41
Усевалад Нястайка
Кнышыха — шыракаплечая, кашчавая і хоць і тоўстая, але нейкая квадратная. Вочы маленькія, як дзюрачкі ў гузіках, а нос, або, як гаварыў трактарыст Грыць Кучарэнка, «румпель», вялізны і падобны на сякеру.
У Кныша, наадварот, нос быў маленькі, якдулька. Затое валасаты, аброслы быў Кныш страшна. Рукі, ногі, плечы, грудзі, спіна — усё было пакрыта густымі рудымі валаскамі, цвёрдымі, як дрот. Нават у вушы было напіхана столькі валасін, што яны тырчалі, як клочча (дзіўна, як гэта даходзілі да Кныша гукі, не заблытваліся). І з носа тырчала таксама, і на пераноссі расло, і нават на кончыку носа.
Акрамя таго, быў Кныш нейкі мокры — як шэрая сцяна ў пограбе. Рукі заўсёды мокрыя, шыя мокрая, твар мокры. Неяк ён узяў мяне за плячо сваёй мокрай і халоднай, як у мерцвяка, рукой, я ажно ўздрыгнуў. Бр-р!
І яшчэ — калі Кныш смяяўся, нос у яго дрыжаў і скура на лобе дрыжала (не моршчылася, а менавіта дрыжала). І гэта было вельмі непрыемна. Хацелася адвярнуцца і не глядзець. Жылі Кнышы ўдваіх, дзяцей у іх не было. І сваякоў, здаецца, таксама.
У калгасе працаваў адзін Кныш. Кнышыха прыкідвалася вельмі хворай. Хвароба ў яе была невылечная і вельмі таямнічая. Яна шэптам расказвала пра яе бабам, закочвала ўверх вочы і прыгаворвала: «Ох, якая ж я, жанчынкі, хворанькая!»
Аднак тая таямнічая хвароба не перашкаджала ёй кожны дзень валачы на рынак важкія кашы.
Святкавалі Кнышы заўсёды толькі ўдваіх. Нікога да сябе не запрашалі. Да іх ніхто не хадзіў, і яны ні да кога. Дужа былі скнарлівыя і баяліся, каб хто-небудзь не пабачыў, што ў іх у хаце ёсць. На людзях увесь час прыбядняліся.
— Ды я ж такі голы! — гаварыў Кныш. — З хлеба на ваду перабіваюся. Нават на зіму нічога не назапасіў.
А між тым Кнышыха, ідучы на рынак, ажно згіналася пад кашамі. І глякі з малаком вытыркаліся адтуль, як гарматы з танкавай вежы, — карова ў Кнышоў была самая лепшая на вёсцы.
Я неяк чуў, як бабы гаварылі пра тую карову:
— Ох ужо й малако ў гэтай каровы! Ну, як смалец! Хоць нажом рэж!
— Ага! А што ты хочаш, калі яна яе хлебам корміць. Кожны дзень цягне з горада сетку. А ў той сетцы, думаеш, што? Адны булкі. Карміла б я сваю Лыску так, дык і яна смятанай даілася б.
— Але ж! А на рынку, бачыла я, прадае рэдзенькае, ажно сіняе. Напалову, не менш, разбаўляе.
— І куды тая міліцыя глядзіць!
А неяк увечары, прысмеркам, прыязджалі да іх нейкія двое на матацыкле з каляскай, нагрузілі нешта ў каляску і адразу ж паехалі. І потым яшчэ двойчы прыязджалі і таксама поначы.
А неяк каля чайнай Кныш, які набраўся як жаба бруду, прагаварыўся ў гурце п'яніц.
— Не баюся я вашага Шапку... Які ён Шапка? Нагавіцы ён, а не Шапка. Ён у мяне вось тут во, — Кныш паказаў сціснуты кулак. — Я ўжо напісаў куды трэба. Хутка вашаму Шапку дадуць па ш-шапцы... Гы-гы-гы!
Старшыня нашага калгаса, Іван Іванавіч Шапка, быў вельмі добры гаспадар, і ўсе яго любілі. Усе, акрамя лайдакоў ды п'яніц, таму што спуску ім не даваў. І Кныш увесь час пісаў на Шапку скаргі. Прычым пісаў так, каб гэта ўсе людзі бачылі. Расчыняў вароты, выносіў у двор стол, садзіўся і, як школьнік, нахіліўшы галаву і высалапіўшы язык, крэмзаў нешта на паперы.