Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 39

Усевалад Нястайка

Я паціху вызваляўся. Вось ужо і я схапіў кавун і кінуў. Цяпер мы з Явам кідалі ўдвух, а дзед Салівон лавіў. Лавіў, хекаючы і прыгаворваючы:

— Ах, бэйбусы!

— Ах, басурманы!

— Ах, басякі!

Праз некалькі хвілін мы з Явам ужо штосілы мільгалі пятамі па гародзе. Дагані цяпер, дзед! Шукай ветру ў полі.

Я бег нага ў нагу з Явам, нібыта мы былі адным механізмам. І мне здавалася, што сэрцы нашы таксама тахкаюць, як адно сэрца.

Мне было вельмі добра!

Вось так бег бы і бег на край свету. Няма нічога лепшага за дружбу!

На наступны дзень наша сяброўства з Явам было замацавана яшчэ больш. Так сказаць, крывёю. Бо дзед Салівон падзяліўся сваімі ўражаннямі пра фараонскую піраміду з нашымі бацькамі. А бацькі зрабілі нам чатырыста дваццаць восьмае папярэджанне на тым месцы, пра якое ўголас не гавораць. Папераджаючы вось так, бацькі прыгаворвалі:

— А вось Сцёпа! Сцёпа не такі! Сцёпа там не быў! Га? Не быў жа!

Мы сашчэплівалі зубы і маўчалі. Мы нікога не выдалі. Нікога. Няхай гавораць пра Сцёпу! Няхай! А я ўсё роўна ведаў, хто такі Сцепа, хто такі Антосік і хто такі — Ява!

Дык хіба ж пасля ўсяго гэтага мог я адзін паехаць у лагер да мора?! Ніколі ў жыцці!

Дружба! Вялікае гэта слова! Можа, самае большае з усіх чалавечых слоў.

РАЗДЗЕЛ Х. Мы — мацакі. Прыезд Явавых бацькоў. Пісталеты

Вы не падумайце, я татку вельмі люблю, але ён у нас такі ўпарты, або, як сам пра сябе кажа, «абсалютна прынцыповы» чалавек. Раз сказаў, дык няхай тут каменне з неба падае, а на сваім паставіць. Сказаў — як звязаў.

І калі ён паабяцаў мне, што гуляў не будзе, то не сумнявайся — не будзе як і ў неба глянуць.

З раніцы ён даў мне такую «нагрузачку» на дзень, што добры парабак не ўправіўся б. І я працаваў, аж дым курэў.

Маці мяне, вядома, шкадавала і, калі не было бацькі, заўсёды гаварыла: «Адпачні, сынок, пагуляй!» Але гордасць не дазваляла мне гэтага. Я ведаў, што калі б тата даведаўся, то ён бы толькі скрывіўся пагардліва і сказаў: «Мамін сынок няшчасны!»

І я працаваў.

Я не кажу ўжо, што рабіў тое, што трэба было рабіць; чысціў свінарнік, калоў дровы, поркаўся ў садзе.

Але найбольш выконваў работу, на мой погляд, не патрэбную нікому, работу, якую бацька проста прыдумваў для мяне. Напрыклад, капаў велічэзную яму для памыяў і смецця. Навошта? Усё жыццё маці вылівала памыі ў бур'ян за клуняй — і нічога. А тут, бачыш, спецыяльная яма спатрэбілася.

Або — плот на мяжы нашага гарода з суседнім. Ніколі там нічога не было. Маўляў, каб куры ў суседні гарод у шкоду не лазілі. Смех! Лазілі і будуць лазіць — на тое яны і куры. І ніякія штыкеціны ім не перашкодзяць.

Я ведаю, гэта проста называецца — працоўнае выхаванне.