Читать «Тарэадоры з Васюкоўкі» онлайн - страница 37

Усевалад Нястайка

Дык вось, мы сядзелі і хрумалі. Ды ўжо і не хрумалі нават. Адзін толькі таўстун Рыгорка Сала хрумаў — той мог дзень і ноч есці. А мы ўсе сядзелі і цяжка дыхалі.

Во панаядаліся! Як кажуць, ад пуза. Далей есці ўжо няма сіл — няма куды.

Мы сядзелі пад вялізнаю гарою кавуноў — па іх заўтра прыедуць машыны.

І есці няможна, і кінуць гэты кавуновы рай сіл няма — калі яшчэ так пашчасціць, каб дзеда не было, ды і вывезуць іх заўтра!

Паглядзеў тады Сцёпа Карафолька на гару кавуноў і кажа:

— Здаравенная ўсё ж такі! Сапраўдная табе эгіпецкая піраміда!

— Га? Што? Каго? — не ўцямілі мы. Сцёпу мы не любілі. Ён заўсёды нас падводзіў.

Бо заўсёды:

— А вось Сцёпа, бачыш...

— А чаму Сцёпа...

— А паглядзі на Сцёпу...

І — плясь! плясь! плясь!

«А каб табе, Сцёпа, чыр на носе выскачыў!» — думалася ў такія хвіліны.

Але дзе-калі мы прабачалі Сцёпу за тое, што, на нашу думку, ён багата чаго ведаў. Бо чытаў і ўдзень і ўначы. І быў для нас хадзячым даведнікам.

Вось і зараз.

— А... што гэта такое — эгіпецкія піраміды? — злуючы, запытаў Рыгорка Сала.

— Не ведаеш, барахольшчык? Гэта такія грабніцы здаравенныя ў Эгіпце. У іх эгіпецкіх цароў-фараонаў хавалі. Шмат стагоддзяў таму. Да гэтага часу стаяць, як новенькія, і турысты з усіх краін ездзяць паглядзець на іх.

— Ага, гэта ў пятым класе праходзяць, я ў братавым падручніку бачыў, — пацвердзіў Антосік.

— А я па тэлевізары ў кіначасопісе, — сказаў Вася Дзяркач.

— Ну і што? — запытаў я. — А як жа гуляць?

— Як? Хм! — пагардліва хмыкнуў Сцёпа. — Выберам сярод нас фараона. Ён памрэ, і мы яго пахаваем. І піраміду зробім. З кавуноў.

— А што, гэта — во! — у Явы загарэліся вочы. — Цікава! Даём!

— Хлопцы! Ды вы што! Цьфу! — сказаў я. — На чорта нам у таго смярдзючага фараона гуляць! У мерцвяка! Вось табе весела — у пахаванне гуляць! Ха-ха!.. Давайце лепш у пагранічніка і шпіёна. Я згодны шпіёнам!

— Стары! Дамовіліся — усё! — рашуча сказаў Ява. — Давай палічым, хто фараон. Ну! Кацілася торба з высокага горба, а ў той торбе...

Я! Так і ведаў. Чула маё сэрца.

— Стары! Папраўдзе! — сказаў Сцёпа Карафолька. Гэта мы ад тых паляўнічых перанялі «стары».

Я ўздыхнуў.

Мне заўсёды не шанцавала. У што б мы ні гулялі, мне заўсёды даводзілася быць то разбойнікам, то шпіёнам, то злодзеем, то фашыстам, то беляком. Карацей, ворагам. Я ўжо нават не памятаю, калі быў нашым, савецкім. Я так любіў нашых! А заўсёды быў ворагам.

— Стары! Нічога, не хвалюйся! Табе ў каханні пашанцуе! Точна! Ёсць такая прыкмета! — супакойваюць мяне хлопцы. — Вунь Грабянючка на цябе заглядваецца.

— Падавіцеся вы сваім каханнем. Пляваў я на гэтае каханне! Трыста гадоў! — з нянавісцю цадзіў я праз зубы і плёўся займаць свае варожыя пазіцыі.

Нават калі Сцёпа Карафолька толькі пачаў гаварыць пра тую эгіпецкую піраміду, я ўжо не сумняваўся, што фараонам буду менавіта я. І не памыліўся.

— Ну, дык што рабіць? — сумна запытаў я.